6 ліпеня адкрыецца выстава «Беларусы ў Войску Польскім»


У Нацыянальным гістарычным музеі (вул. К.Маркса, 12) гісторык Ігар Мельнікаў пакажа матэрыялы з асабістых архіваў пра беларускіх жаўнераў, «забытых» у СССР.

Выстава, арганізаваная пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі адкрыецца а 17:00.

Выстава прысвечана ўдзелу беларусаў у складзе Войска Польскага ў баявых дзеяннях супраць нацыстаў на розных франтах Другой Сусветнай вайны. Госці выставы ўбачаць унікальныя фотаздымкі, дакументы і іншыя артэфакты з калекцыі беларускага гісторыка Ігара Мельнікава.

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук і аўтар кнігаў «Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг.» і «Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 г.» выставіць фота, дакументы і розныя артэфакты з асабістай калекцыі, звязаныя з ураджэнцамі Заходняй Беларусі, якія ваявалі на баку Польшчы ў Другой сусветнай вайне.

Мельнікаў называе ўдзел беларусаў у Польскім Войску даволі маштабнай зʼявай: у верасні 1939 году, з пачаткам Другой сусветнай вайны, там апынуліся 70 тысяч беларусаў.

«Праблема ў тым, што пра іх забылі ў Беларусі, – тлумачыць гісторык. – І калі на навуковым узроўні нешта ўгадвалася, то беларускае грамадства забылася на гэтую зʼяву. Асабліва на ўсходзе, бо на захадзе яшчэ нешта памяталі з аповедаў дзядуляў-бабуляў. Гэтыя 70 тысяч беларусаў пачалі з першага дня вайны змагацца з нацызмам, зрабілі першы крок да перамогі. Насамрэч, яны прайшлі ўсю вайну – з 1939 году. Пазней шмат з іх трапілі ў савецкі палон, былі дэпартаваныя.

Але пасля дамовы Сікорскі-Майскі 1941 году (аб аднаўленні дыпламатычных адносінаў СССР з Польшчай, скасаванні савецка-нямецкіх дамоваў 1939 году аб падзеле Польшчы, вызваленні 400 з лішнім тысяч палякаў у СССР. – радыё «Свабода») была створаная армія Андэрса (польскае войска пад польскім камандаваннем, створанае на савецкай тэрыторыі. – РС), у склад якой трапілі тыя самыя арыштаваныя, у тым ліку з Заходняй Беларусі, у тым ліку этнічныя беларусы.

Яны вызвалялі Еўропу, у тым ліку Італію ў знакамітай бітве пад Монтэ-Касіна, у баях у Нармандыі, у бітве за Брытанію ў 1940 годзе.

Яны пазней апынуліся ў складзе 2-га Польскага корпусу, які вызваляў Еўропу. У тым ліку Італію ў знакамітай бітве пад Монтэ-Касіна, у баях у Нармандыі, у бітве за Брытанію ў 1940 годзе. Апошняй прысвечаны цікавы стэнд: польскія эскадрыллі тады ўнеслі вялікі ўнёсак у абарону Брытанскіх астравоў і не далі нацыстам правесці наземную аперацыю. І ў тых эскадрыллях было шмат этнічных беларусаў, а ў Беларусі пра гэта амаль ня згадваецца.

Таксама мала хто ведае, што шмат беларусаў служыла да вайны ў Корпусе аховы памежжа (створаным у 1924 годзе ў Польшчы для «змагання з бальшавіцкімі бандамі на ўсходнім памежжы». – РС). Цікава распавесці, як функцыянавала гэтая мяжа».

Сардэчна запрашаем!

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў