Абаронцы Севастопальскага парку: Мы не баімся змагацца за сваю рацыю


Жыхары менскага мікрараёну “Усход-2” працягваюць барацьбу за Севастопальскі парк. Паводле планаў чыноўнікаў, на тэрыторыі, якую цяпер займае парк, пабудуюць рэстарацыю, паркінгі, жылыя дамы і грамадскую прыбіральню.

Мясцовыя жыхары ўжо колькі разоў спрабавалі развязаць праблему мірным шляхам.

“Мы ўжо і ў гарвыканкам пісалі, і ў “экалогію” пісалі, і ў водаканал – а нам усё ідуць ды ідуць адпіскі, якія супярэчаць адна адной. Два гады таму закрылі свідравіны, а нам не паведамілі. Мы атрымалі адказ, што іх затампанавалі. Калі пачалі разбірацца, чаму гэтак сталася, то нас паінфармавалі, што свідравіны працуюць, але з розных прычынаў іх часова адлучаюць”, – паведаміла мясцовая жыхарка Валянціна.

Патрабаванні наведнікаў парку вельмі простыя: захаваць месца для шпацыраў і адпачынку, чыстае паветра і чыстую ваду. Праўда, артэзіянскія свідравіны ў парку ўжо запламбаваныя.

“Прайшло некалькі сходаў супраць перабудовы парку. Гэтыя агароджы сталі некаму замінаць. А чаму? Ды таму што 74 гектары зямлі ў цэнтры гораду – іх трэба заняць. Гэта прыдатнае месца”, – гаворыць спадарыня Валянціна.

Падчас сходу да групы ўдзельнікаў падышлі працаўнік міліцыі ды некалькі людзей у цывільным, якія сталі пераконваць незадаволеных разысціся.

“Прыходзіла міліцыя, прасіла нас разысціся, бо яны лічаць наш сход несанкцыянаваным. А мы ім сказалі, што маем права на чыстую ваду, на чыстую экалогію. Мы ж не ідзем у палітыку, не выказваем палітычных патрабаванняў. Мы патрабуем выконваць нашыя канстытуцыйныя правы. Я не баюся. Я маю права на свой выступ. Сваё гледзішча выказваю!” – заявіла Валянціна.

Барацьба жыхароў мікрараёну “Усход-2” супраць планаў гарадскіх уладаў рэканструяваць Севастопальскі парк вядзецца з 1995 г.

belsat.eu

Стужка навінаў