Расея: узмацняецца радыкальны нацыяналізм


“Ідэі, якія прапаноўваюць нацыяналісты, паступова робяцца мэйнстрымам. Не адразу, вядома, аднак калі паглядзець на працяглы прамежак часу, то за апошнія дваццаць гадоў шмат з таго, што падавалася немагчымым радыкалізмам і прамаўлялася толькі маргінальнымі палітыкамі, цяпер спакойна кажуць абсалютна рэспектабельныя людзі”, – гаворыць Аляксандр Вярхоўскі, расейскі праваабаронца, кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтру “Сова”.

Апошняя акцыя нацыяналістаў на Дзень народнага адзінства Расеі сабрала на ўскрайку Масквы каля сямі тысячаў чалавек – пераважна скінгэдаў, неанацыстаў ды прадстаўнікоў ультраправых груповак. Падчас шэсця яны ўскідалі рукі на манер нацыстаў ды скандавалі “Россия для русских”, “Бей жидов, спасай Россию”.

Уладзімір Тор, адзін з лідараў нацыяналістаў, гаворыць, што ягоныя паплечнікі, а таксама і лібералы, не задаволеныя палітыкаю Мядзведзева і Пуціна. Аднак гэтая незадаволенасць мае нацыяналістычны падтэкст. “Паглядзіце на Чэчню, якая цяпер жыруе і купаецца ў грошах. Паглядзіце на картэжы Кадырава, паглядзіце на тыя хмарачосы, што яны набудавалі. І на руіны, якія мы бачым у Архангельскай, Уладзімірскай, Цвярской, Смаленскай, Разанскай, Тульскай, Варонежскай ды іншых губернях. Грошы мусяць ісці туды, а не на Каўказ”, – заявіў Уладзімір Тор.

Палітолагі гавораць, што ўрад спрыяе росту нацыяналістычных настрояў у Расеі. Прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін скарыстаўся з ксенафобскіх настрояў падчас свайго прэзідэнцтва ў 2000–2008 гг. Напрадзе чарговыя выбары. Наколькі блізкім станецца лозунг “Россия для русских” для расейскіх палітыкаў?

“Існуе вялікае напружанне ў грамадстве, і паводле сацыялагічных даследаванняў, яно павялічваецца. Не расце падтрыманне гэтых радыкальных груповак: мы бачым, што на “Русский марш” прыходзяць некалькі тысячаў чалавек, а не 50 ці 100 тысячаў. Але шмат людзей падтрымлівае падобныя думкі, седзячы дома, – гаворыць Аляксандр Вярхоўскі. – Але людзі пакуль што сядзяць у хаце, і не вядома, што будзе далей. Улады яшчэ маюць час, каб сфармуляваць нейкую сваю праграму”.

belsat.eu

Стужка навінаў