Метро не для ўсіх


На безбар’ернае метро сёлета выдаткавалі Br 25 млрд, аднак ліфты і пад’ёмнікі па-ранейшаму ёсць толькі на шасці з 25 станцыяў.

У Камітэце працы, занятасці ды сацыяльнай абароны Менскага гарвыканкаму патлумачылі, на што пайшлі грошы. “На дзвярах усіх станцыяў зрабілі кантраставыя надпісы папераджальнага характару, на станцыі метро “Плошча Перамогі” ўсталявалі радыёінфарматар дзеля папярэджвання інвалідаў зроку, а ўздоўж краю платформы станцыі “Усход” з’явіліся абмежавальныя лініі, якія папярэджваюць пра тое, што пад’язджае цягнік”, – распавяла намесніца старшыні камітэту Наталля Праскурава.

Улады таксама запланавалі абсталяваць станцыі, пабудаваныя да 2000 г., нахільнымі ды вертыкальнымі платформамі для інвалідаў-вазочнікаў. Пакуль жа ліфтамі ды пад’ёмнікамі абсталяваныя ўсяго шэсць з 25 дзейных станцыяў метрапалітэну.

Сябра ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Тамара Сярова адзначае, што і гэтыя ліфты працуюць нерэгулярна – і каб даехаць да станцыі метро, інвалід мусіць выклікаць працаўніка метрапалітэну, які ўлучыць механізм. “Менавіта таму інваліды, асабліва жыхары гарадоў, называюць асяродак бар’ерным, а не наадварот. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі зазнаюць сур’ёзныя праблемы з перамяшчэннем – і праз гэта з інтэграцыяй у грамадства”, – зазначае Сярова.

У кіраўніцтве Менскага метрапалітэну патлумачылі, што такія захады выкліканыя эканоміяй сродкаў і працоўных рэсурсаў.

Паводле афіцыйных звестак, у Менску жывуць 112 500 людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак ліфты і транспарт з нізкаю падлогаю патрэбныя таксама і бацькам з малымі дзецьмі ў вазочках, якім таксама складана трапіць у метро.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары