«Газпром» спісвае запазычанасці


“Газпром” і “Белтрансгаз” дамовіліся пра плату за газ, які экспартуецца ў другім паўгоддзі 2011 г., падпісаўшы 28 лістапада дадатак да кантракту пра аб’ёмы і ўмовы экспарту газу ў Беларусь і транзіту газу праз яе тэрыторыю ў 2007–2011 гг., гаворыцца ў паведамленні расейскага газавага холдынгу.

“Згодна з дакументам, ААТ “Белтрансгаз” робіць частковую аплату прыроднага газу, які экспартуецца “Газпромам” у другім паўгоддзі 2011 г., – $ 244,8 за 1000 кубаметраў, а не паводле коштаў трэцяга і чацвёртага кварталаў, разлічаных у адпаведнасці з кантрактам (адпаведна $ 279,16 і $ 305,72). Аплата астатняй сумы за экспартаваны ў другім паўгоддзі 2011 г. расейскі газ будзе рабіцца “Белтрансгазам” праз штомесячныя выплаты на працягу 2012 г.”, – зазначаецца ў паведамленні.

Раней “Газпром” паведамляў, што ААТ “Белтрансгаз” у трэцім квартале 2011 г. звярнулася ў расейскі холдынг з просьбаю адкласці выплаты і плаціла за газ $ 244,8 за 1000 кубаметраў пры кантрактным кошце $ 279,2. Памер назапашанага доўгу пры гэтым не ўдакладняўся.

Падчас паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы 25 лістапада былі падпісаныя кантракты на экспарт газу ў Беларусь і яго транспартаванне праз тэрыторыю рэспублікі ў 2012–2014 гг. “Газпром” і Дзяржаўны камітэт маёмасці Беларусі таксама падпісалі дамову куплі-продажу 50 % акцыяў ААТ “Белтрансгаз”.

У адпаведнасці з кантрактам кошт газу для Беларусі ў 2012 г. складзе $ 165,6 за 1000 кубаметраў, а ў 2013–2014 гг. будзе разлічвацца паводле формулы. Асноўнымі складнікамі пры гэтым стануць кошт газу для спажыўцоў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі (вызначаецца Федэральнаю службаю паводле тарыфаў РФ), кошт транспартавання газу ад месцаў здабычы ў гэтай акрузе да мяжы Расеі ды Беларусі, кошт захоўвання газу ў падземных сховішчах на тэрыторыі Расеі, выдаткі “Газпрому” ў справе рэалізацыі газу. Прадугледжаная індэксацыя складнікаў формулы кошту на велічыню інфляцыі.

Згодна з дамоўленасцямі, у 2012 г. Беларусь набудзе ў “Газпрому” 22,5 млрд кубаметраў газу, у 2013 і 2014 гг. – 23 млрд кожны год, прычым кантракт прадугледжвае магчымасць карэктавання аб’ёмаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары