Павал Усаў у «Гарачым каментары»


https://youtu.be/8SQyw3MQkEc
Масавую прысутнасць грамадзянаў у пэўны час, у загадзя вызначаным грамадскім месцы і з мэтаю здзейсніць запланаванае дзеянне – то бок так званы флэш-моб – з сённяшняга дня прыраўнялі да пікету, і ён патрабуе дазволу на правядзенне. Гэтак, спасылаючыся на пратэсты ў краінах паўночнай Афрыкі ды Блізкага Усходу, афіцыйны Менск хоча абараніць сваіх грамадзянаў.

Першыя пасля сёлетняй рэвалюцыі парламенцкія выбары распачаліся ў Егіпце. Папярэднічалі галасаванню і дагэтуль не сціхаюць масавыя пратэсты ў буйных гарадах краіны, у выніку якіх гінуць людзі, цярпіць эканоміка. Далёкаю ад мірнай застаецца сітуацыя ў паслякадафійнай Лівіі, а таксама ў Сірыі і Емене, дзе працягваецца змаганне за змену палітычнай улады. На тле гэтых падзеяў афіцыйны Менск зрабіў сабе страхавы поліс – забараніў любыя несанкцыянаваныя выступленні.

Паводле палітолага, пратэсты ў паслярэваюцыйным Егіпце працягваюцца перадусім таму, што ва ўладзе засталіся вайскоўцы, якія па сутнасці і кіравалі краінаю. Зрынуты прэзідэнт быў толькі тварам рэжыму.

«Незалежна ад краіны, калі ў ёй адбываюцца перамены шляхам рэвалюцыі, пасля змены рэжыму наступае перыяд хаосу. Пакуль новая ўлада не ўсталюе новыя інстытуты ўлады, гэта будзе працягвацца. Людзі, што ідуць на рэвалюцыю, чакаюць паляпшэння сітуацыі ды чакаюць гэтага не ў будучыні, а менавіта тут і цяпер», – кажа Павел Усаў.

Палітолаг падкрэслівае, што для любых пераменаў патрэбны час, і калі народ не здольны іх дачакацца, можа адбыцца адкат да старой сістэмы. Як гэта здарылася і ў нашай краіне. Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады менавіта на хвалі незадаволення грамадства з адсутнасці зменаў.

Паводле Паўла Усава, беларускі рэжым цяпер намагаецца абараніць сябе ад егіпецкага і лівійскага сцэнару. Аднак нават забарона флэш-мобаў і масавых сходаў не абароніць улады ад пратэстаў, калі для іх будзе глеба.

«Па сутнасці мы бачым, што палітычны рэжым у Беларусі дэградуе. Ён не можа абапірацца ўжо толькі на легітымнасць і ўсё больш і больш абапіраецца на рэпрэсіўныя метады ды ператвараецца ў рэжым аднаго дня. З аднаго боку Лукашэнка любымі спосабамі спрабуе ўтрымаць уладу, але з іншага боку расце напружанне ў грамадстве, і не вядома, калі адбудзецца гэты сацыяльны выбух, што выведзе людзей на вуліцы. Гэта можа быць што заўгодна: чарга па валюту, чарга ў краме, можа быць вынік рэйду ў Крупках», – зазначыў палітолаг.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары