Дзяржаўныя медыі ігнаруюць усіх кандыдатаў на прэзідэнта, акрамя Аляксандра Лукашэнкі. Да такой высновы прыйшлі эксперты Беларускай асацыяцыі журналістаў, што ладзіць маніторынг СМІ. “Ідзе праграмаванне будучых вынікаў галасавання”, – лічыць медыя-эксперт Алесь Анціпенка.
Тактыка асвятлення выбарчай кампаніі ў дзяржаўнай прэсе істотна не змянілася, паведаміў медыя-эксперт Алесь Анціпенка 23 лістапада на прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі Беларускай асацыяцыяй журналістаў другой часткі маніторынгу СМІ.
“Схема, паводле якой адбываецца асвятленне выбарчага працэсу ў дзяржаўных медыях, такая: асноўная ўвага надаецца аднаму з кандыдатаў, а супернікі дзейнага прэзідэнта маргіналізуюцца”, – расказаў спадар Анціпенка.
Паводле яго, адзін з падлікаў БАЖ паказвае, што за другі перыяд маніторынгу прэзідэнт атрымаў 54 хвіліны ў эфіры, а ўсе астатнія кандыдаты разам – усяго дзве.
Алесь Анціпенка мяркуе, што калі выбарнікі бяруць інфармацыю толькі з дзяржаўных медыяў, то атрымаюць аднабаковую і няпоўную карціну выбарчага працэсу. “Калі яны чытаюць недзяржаўныя выданні, карыстаюцца інтэрнэтам, у іх больш мажлівасці скласці адэкватнае ўяўленне пра выбары ў нашай краіне”, – падкрэсліў эксперт.
Спампаваць вынікі маніторынгу можна праз спасылку ніжэй.
belsat.eu