Інтэграцыя працягваецца


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавалі дамову аб стварэнні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

Дакумент кіраўнікі Беларусі, Казахстану і Расеі падпісалі 18 лістапада ў Маскве «ў мэтах забеспячэння ўмоваў эфектыўнай працы інстытуцыйнай структуры Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы».

Знаёмячы з дамоваю дэпутатаў, віцэ-прэм’ер Сяргей Румас запэўніў, што ў ёй прадугледжваюцца ўсе неабходныя ўмовы для выканання інтарэсаў Беларусі. Паводле чыноўніка, ратыфікацыя дамовы «прадэманструе прыхільнасць Беларусі да інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы».

Адказваючы на пытанне пра ўвядзенне на тэрыторыі трох краінаў адзінай валюты, віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што гаварыць пра гэта сёння дачасна. «Каб перайсці да абмеркавання пытанняў пра ўвядзенне адзінай валюты, нам неабходна выпрацаваць базавыя ўмовы, каб валютная палітыка трох краінаў працавала прыкладна ў адным рэжыме. Сёння ў нас розныя падыходы», – заявіў Румас.

Еўразійская эканамічная камісія – наднацыянальны орган кіравання інтэграцыйным будаўніцтвам Беларусі, Казахстану і Расеі – мае запрацаваць 1 студзеня 2012 г. Аднак большую частку сваіх функцыяў ЕЭК атрымае 1 ліпеня, калі яна афіцыйна зменіць дзейную Камісію Мытнага саюзу трох краінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў