Апытанне: ці заслугоўваюць Кавалёў і Канавалаў смяротнага пакарання?


30 лістапада будзе агучаны прысуд у справе тэракту ў менскім метро. Пракурор просіць для абвінавачаных найвышэйшай меры. «Белсат» запытаў у менчукоў, якім мае быць вырак.

Падчас суда пытанняў толькі паболела. Адвакаты ўказвалі на несупадзенні ў відэазапісе з камераў назірання, Уладзіслаў Кавалёў адмовіўся ад папярэдніх паказанняў, заявіўшы, што даў іх пад прымусам. Суд адмовіў пацярпелым у хадайніцтве прадэманстраваць сутарэнне, у якім нібыта была зробленая бомба, і вагон, які найбольш пацярпеў ад выбуху. Разам з гэтым другі абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў нібыта ўжо змірыўся з прысудам і патлумачыў свае дзеянні намерам «дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне».

У выніку меркаванні рэспандэнтаў падзяліліся.

«Ведаеце, вінаватыя ў тэракце заслугоўваюць пакарання безумоўна, і я нават не абмяркоўваў бы гэтай тэмы. Пытанне ў тым, ці яны [Кавалёў і Канавалаў] здзейснілі гэта… Ведаеце, неяк збыт хутка гэта ўсё адбылося. Як на талерцы: апынулася, што яны ж вінаватыя ў выбуху каля стэлы. Тры гады збіралі адбіткі пальцаў, а тут раз – і ўсіх злавілі, усіх знайшлі», – кажа мужчына.

«Так, ніякай літасці для гэтых людзей. Так, веру, што гэта яны і што толькі такога пакарання яны заслугоўваюць», – кажа пажылая жанчына.

«Ды не, не думаю, што гэта яны здзейснілі тэракт. Ужо ж столькі гадоў прайшло пасля папярэдняга на нейкі Дзень незалежнасці. А смяротнае пакаранне – хай суд вырашае, адкуль я магу ведаць?» – адмахнуўся чарговы рэспандэнт.

«Упэўнены, што гэта тыя людзі. Доказаў у судзе было дастаткова, але наконт смяротнага пакарання – гэта занадта ўжо. Пажыццёвае хіба», – кажа студэнт.

«Ува ўсё веру. Як гэта так – не верыць? Трэба верыць ва ўсё, ва ўсё добрае. Цяпер усё толькі для нас і робіцца», – аптымістычна зазначыў пажылы мужчына.

«Ну, я супраць смяротнага пакарання. Бог даў жыццё, і не нам яго забіраць», – зазначыла іншая ўдзельніца апытання.

Нагадаем, што ў інтэрнэце ідзе кампанія збору подпісаў пад петыцыяй у абарону жыцця Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. На сёння пад ёю падпісаліся больш за 42 тыс. чалавек.

belsat.eu
https://youtu.be/rlGnbyaTV-M

Глядзі таксама
Каментары