Замяніць замежныя прадукты – ад сокаў да паркету


За месяц улады абяцаюць рэалізаваць 27 імпартазамяшчальных праектаў.

Як паведамляюць у камітэце эканомікі Менаблвыканкаму, выкананне праектаў было запланаванае да канца 2011 г., але рэалізоўваць іх пачалі нядаўна. У планах – выпускаць сыр тыпу ракфор, плаўленыя сыркі, сокі, кансервы, жэлейныя цукеркі, парашковыя фарбы, паркет з масіву, касметычныя сродкі ды тэрмабялізну. Уся прадукцыя мае быць высокай якасці і карыстацца большым попытам, чымся замежная.

«Праца для імпартазамяшчэння праводзіцца па двух кірунках, – тлумачыць намеснік старшыні камітэту Дзяніс Яроменка. – Першы – замяшчэнне тавараў, аналагі якіх вырабляюцца ў Беларусі, але ў недастатковай колькасці або горшыя па якасці за імпартныя. Другі кірунак – гэта тавары, якія наогул пакуль не вырабляюцца ў нашай краіне, але запатрабаваныя ў спажыўцоў».

На думку незалежных эканамістаў, праграма імпартазамяшчэння грунтуецца на абароне айчыннага вытворцы, але пры гэтым улады не ўлічваюць мэтазгоднасці вырабу пэўнай прадукцыі. «Напрыклад, імпартазамяшчэнне сокаў. Вельмі шмат пра гэта казалі на самым высокім узроўні, і ў крамах сапраўды з’явілася шмат беларускай прадукцыі. Але давайце разбярэмся, што такое так званы беларускі сок? Сыравіна – замежная, пакунак – таксама. У Беларусі яго проста разбаўляць і разліваюць. Набылі абсталяванне, навучылі працаўнікоў на прадпрыемствах, на замежны прадукт паднялі мыты, але попыт на беларускі прадукт усё адно ніжэйшы, дый у кошце розніцы або няма, або яна зусім неістотная», – пракаментавала эканаміст Ірына Урбан.

Эксперт дадае, што палітыку імпартазамяшчэння ў Беларусі ўвялі сем гадоў таму як спосаб барацьбы з адмоўным сальда гандлёвага балансу: «Але з таго часу адмоўнае сальда стабільна прырастае кожны год на 1–2 мільярды долараў».

belsat.eu

Стужка навінаў