«БИ-2»: Размаўляць па-беларуску цяжка, але разумець – разумеем


Выступаць у родным для “БИ-2” Менску – вялікая адказнасць, моцна нервуемся, падзяліліся ўражаннямі з журналістамі ўдзельнікі расейскага рок-гурта беларускага паходжання на прэс-канферэнцыі перад канцэртам 27 лістапада.

“Сёння да нас прыйдзе вельмі шмат сяброў. Для арганізатараў наш выступ у Менску – заўсёды галаўны боль. Звычайна недзе квіткоў сто трэба выдаць нашым сябрам. Ёсць некалькі гарадоў – такіх, як Менск, Бабруйск, Іерусалім, Тэль-Авіў, Рыга, – дзе ў нас вельмі шмат сяброў”, – сказаў Лёва.

На адно з першых і, паводле музыкаў, традыцыйных пытанняў пра тое, ці не цяжка працаваць разам столькі гадоў, удзельнікі “БИ-2” адказалі, што асобная праца нават не разглядаецца. “Мы – сябры дзяцінства, паралельныя сольныя праекты мы таксама робім разам”, – сказалі яны.

Як зазначылі ўдзельнікі гурта, у “БИ-2” не забыліся беларускай мовы, хоць Шура і Лёва з’ехалі з Беларусі шмат гадоў таму. Музыкі прызналіся, што размаўляць па-беларуску ім цяжка, але “разумець – разумеем”.

На пытанне, чаму ніводны з васьмі студыйных альбомаў “БИ-2” не змяшчае песень на беларускай мове, выканаўцы адказалі, што пакуль “не знайшлося песні на беларускай мове, якая зацікавіла б гурт”. “Сам я не пішу песень на беларускай, не разглядаліся такія варыянты, бо нічога вартага не было”, – заявіў Лёва.

Новы альбом “Spirit”, які “БИ-2” прывезлі ў Менск, стаўся першаю праграмаю гурта, што выйшла не на традыцыйных CD-носьбітах. Альбом выкладзены ў інтэрнэце, на сайце сацыяльнай сеткі “Планета”, без падтрымання якіх-небудзь гуказапісвальных лэйблаў. Створаная ў 2011 г. як альтэрнатыва традыцыйнаму фармату кампакт-дыскаў і дзейнасці музычных піратаў, “Планета”, паводле “БИ-2”, ставіць на мэце сабраць у адным месцы ўсю інтэлектуальную ўласнасць расейскай музыкі ды даступна данесці яе да шырокіх масаў. У сувязі з гэтым “БИ-2” прапанавалі меламанам зарэгістравацца на “Планеце”, каб легальна слухаць і спампоўваць музыку, а таксама браць удзел у дыскусіях з яе аўтарамі.

Удзельнікі “БИ-2” таксама паведамілі пра свой новы радыёпраект “Субстанцыя”. “Нашая праграма “Ідэалогія” на радыё “Максімум” спыніла сваё існаванне, пакінуўшы незапоўненую прастору і ў эфіры, і ў нашым сэрцы. Пакуль радыё “Субстанцыя” існуе толькі ў інтэрнэт-фармаце, але мы спадзяемся, што летам наступнага года ўжо будзе FM-вяшчанне”, – сказаў Лёва.

belsat.eu

Стужка навінаў