Чатырохмесячныя выбары ў Егіпце


https://youtu.be/GbnAJ492ck8
У Егіпце пачаліся першыя пасля скідання 30-гадовага рэжыму прэзідэнта Хосні Мубарака выбары.

Выбарчыя ўчасткі адчыніліся сёння а 8-й раніцы паводле мясцовага часу. Выбары ў ніжнюю палату – Народную асамблею – пройдуць за тры этапы і працягнуцца агулам да 10 студзеня будучага года. Падчас першага этапу галасуюць дзевяць егіпецкіх правінцыяў: Каір, Александрыя, Асьют, Чырвонае мора, эль-Уксур, эль-Файюм, Дум’ят, Порт-Саід і Кафр эш-Шэйх. Другі ды трэці этапы пройдуць адпаведна 14–15 снежня і 3–4 студзеня. Парламенцкія выбары ў абедзве палаты скончацца толькі ў сакавіку 2012 г. Выбары прэзідэнта мусяць адбыцца да 30 чэрвеня таго ж года.

Адна з жанчын, што чакала галасавання ў чарзе, сказала, што яна ніколі не бачыла неабходнасці ў галасаванні на выбарах з прычыны фальшаванняў Мубарака, а цяпер прыйшла першы раз. “Цяпер я тут, бо я адчуваю, што мой голас мае значэнне. Дагэтуль нашых галасоў наагул не шанавалі. Таму кожны з нас хоча цяпер што-небудзь зрабіць для сваёй краіны. Галасуючы, мы адчуваем, што зрабілі нешта для таго, каб прывесці яе да рэальнай дэмакратыі”, – сказала Хурэя Ібрагім ас-Саўаф.

“Гэтым разам выбары сапраўдныя і празрыстыя, і мы адчуваем, што яны цалкам пазбаўленыя ўсялякіх несправядлівых метадаў, якія выкарыстоўваў рэжым Мубарака”, – гаворыць іншая выбарніца Фаўкея Габэр.

Паводле назіральнікаў, адным з галоўных прэтэндэнтаў на перамогу ёсць “Браты-мусульмане” – ісламісцкая арганізацыя, якая была забароненая за Мубаракам. Канкурэнцыю ім складае Партыя свабоды і справядлівасці.

У той жа час працягваюцца дэманстрацыі на каірскай плошчы Тахрыр, а таксама ў Александрыі. Дэманстранты заклікаюць да байкоту выбараў і патрабуюць ад Вайсковай рады перадаць уладу цывільнаму ўраду.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары