Юрась Меляшкевіч: Энергетычная бяспека з АЭС – міф


“Гэты праект (пабудовы АЭС. – belsat.eu) не паляпшае энергетычнай бяспекі Беларусі. Як вядома, мы спажываем расейскія энергарэсурсы, і будаўніцтва атамнай станцыі паводле расейскага ўзору, з прыцягненнем расейскіх інвестыцыяў, расейскіх адмыслоўцаў прывядзе да таго, што мы будзем усё ж вымушаныя шукаць альтэрнатыўных шляхоў для нашай энергетычнай сістэмы”, – упэўнены эколаг Юрась Меляшкевіч.

Паводле эксперта, беларуская атамная станцыя будзе крыніцаю небяспекі для навакольнага асяроддзя і людзей. “Атамная станцыя небяспечная найперш праз адкіды, якія ўтвараюцца, і працяглы час гэтыя матэрыялы будуць захоўвацца на тэрыторыі станцыі”, – падкрэсліў эколаг. Плануецца, што адпрацаванае ядравае паліва будзе скіроўвацца ў Расею на перапрацаванне, а потым зноў вяртацца ў Беларусь на захоўванне. Пры гэтым перапрацаваныя адкіды па-ранейшаму будуць радыеактыўныя.

Меляшкевіч зазначае, што планы пабудовы АЭС без узгаднення з насельніцтвам і прылеглымі краінамі негатыўна адбіліся на стасунках Беларусі з суседзямі. “Гэта вельмі сумна, бо далей, я мяркую, мы пабачым яшчэ шмат канфліктаў на гэтай глебе, і замест таго, каб іх развязваць, урад будзе ісці шляхам ізаляцыі ды адпрэчвання міжнародных нормаў”, – дадаў эксперт.

Першую беларускую АЭС маюць пабудаваць у Астравецкім раёне, на Гарадзеншчыне. Крэдыт на пабудову атамнай станцыі выдае Менску Расея – гэта $ 10 млрд з выкарыстаннем грошай за дзесяць гадоў і вяртаннем цягам пятнаццаці гадоў. Будаваць АЭС будуць таксама расейцы.

belsat.eu

Стужка навінаў