Украіна: смерць падчас штурму намётавага лагеру


У Данецку падчас штурму ўкраінскаю міліцыяй намётавага лагеру памёр адзін з пратэстоўцаў, інвалід-“чарнобылец” 1942 года нараджэння. Паводле неафіцыйнае інфармацыі, у яго не вытрымала сэрца.

Ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ад 14 лістапада актыўна пратэстуюць супраць скасавання льготаў і скарачэння памеру дзяржаўных пенсіяў. У Данецку каля трыццаці чалавек зарганізавалі намётавы лагер насупраць будынку Пенсійнага фонду.

Апошнія дні тэмпература паветра была блізкая да нуля градусаў, мясцовыя працаўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў далі пратэстоўцам вялікі намёт з падагрэвам. Аднак калі суд прызнаў гэты пратэст незаконным, міліцыя ўварвалася ў намётавы лагер. Міліцыянты адлучылі лагер ад электрычнасці, вынеслі электрагенератар і пліту.

Адразу пасля штурму 68-гадовы Генадзь Канаплёў памёр у машыне хуткай дапамогі. Афіцыйная прычына смерці пакуль не называецца. Паводле відавочцаў, штурм адбываўся, калі пратэстоўцы клаліся спаць. Міліцыянты ўварваліся ў намёт і залілі печкі-буржуйкі вадою, тым часам іншыя ахоўнікі парадку пачалі зносіць намёт. Генадзю Канаплёву стала кепска, і яго вынеслі да машыны хуткай дапамогі, дзе ён памёр.

Адметна, што адбылося гэта ў Данецку – родным горадзе Віктара Януковіча. Данецк лічыцца бастыёнам “Партыі рэгіёнаў”, якая актыўна падтрымлівае дзейнага прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў