Новы Закон аб масавых мерапрыемствах увайшоў у сілу


Папраўкі ў закон распрацавала Міністэрства ўнутраных справаў. 3 кастрычніка іх адразу ў двух чытаннях на закрытым пасяджэнні прыняла Палата прадстаўнікоў, 21 кастрычніка абноўлены закон ухваліў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Прэзентуючы новы законапраект у верхняй палаце парламенту, міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў заявіў, што ён скіраваны «на арганізацыю бяспекі не асобнай групы людзей, а ўсяго грамадства». Пры распрацоўванні законапраекту вывучалася аналагічнае міжнароднае заканадаўства, і беларускі закон «найбольш дэмакратычны ў параўнанні з тымі, што дзеюць у развітых дэмакратычных краінах», сцвердзіў Куляшоў.

У сваю чаргу, праваабаронцы і прадстаўнікі апазіцыі заяўляюць, што папраўкі ў Закон аб масавых мерапрыемствах парушаюць правы грамадзянаў на мірныя сходы, гарантаваныя як Канстытуцыяй Беларусі, так і базавымі нормамі міжнароднага права.

Не ўводзіць у дзеянне новага закону афіцыйны Менск таксама заклікалі прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці, у тым ліку Еўразвяз і АБСЕ. На іхную думку, новаўвядзенні яшчэ больш абмяжуюць фундаментальныя правы на свабоду сходаў і асацыяцыяў у Беларусі.

Абноўлены Закон аб масавых мерапрыемствах робіць больш жорсткімі правілы іх правядзення. Арганізацыю любога збору грамадзянаў з гэтага часу мусяць санкцыянаваць улады – гэта тычыцца і флэшмобаў, і збору грамадзянаў, арганізаванага з выкарыстаннем інтэрнэту. Да атрымання дазволу на правядзенне масавай акцыі арганізатары не маюць права абвяшчаць, у тым ліку ў інтэрнэце, пра дату, час і месца яго правядзення.

Апрача таго, арганізатарамі не могуць выступаць асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку правядзення такога кшталту акцыі цягам года з моманту накладання адміністратыўнага спагнання. Арганізатары ўсіх масавых акцыяў, апрача тых, што праводзяцца дзяржаўнымі органамі, з гэтага часу мусяць плаціць за ахову грамадскага парадку пры іх правядзенні.

Істотна пашыраюцца правы працаўнікоў праваахоўных органаў. Яны маюць права быць у цывільным, агароджваць тэрыторыю з удзельнікамі санкцыянаванай акцыі, аглядаць грамадзянаў, весці фота- і відэаздымку.

Канстытуцыйны суд прызнаў папраўкі адпаведнымі Асноўнаму закону краіны. 8 лістапада новы закон падпісаў Аляксандр Лукашэнка, 16-га новую версію заканадаўчага акту афіцыйна апублікавалі, і сёння ён увайшоў у сілу.

belsat.eu

Стужка навінаў