Севастопальскі парк ці дарога і паркінгі?


Жыхары Першамайскага раёну Менску пачынаюць кампанію абароны Севастопальскага парку. Ініцыятары правядзення мясцовага рэферэндуму ў абарону Севастопальскага парку пачалі збор подпісаў.

27 лістапада ў парку адбыўся першы сход жыхароў мікрараёну Усход-2, размешчанага на тэрыторыі Першамайскага раёну сталіцы. У ім узялі ўдзел каля 70 чалавек.

Як распавёў прысутным ініцыятар рэферэндуму, кіраўнік ініцыятыўнай групы для стварэння ГА «Еўрапейская перспектыва» Віктар Янчурэвіч, згодна з генпланам Менску да 2030 г. праз Севастопальскі парк плануецца правесці дарогу. А згодна з дэталёвым планам рэканструкцыі парку тут плануецца пабудаваць рэстаран, паркінгі, грамадскую прыбіральню і жылыя дамы. Улады маюць намер высякаць дрэвы, падкрэсліў Янчурэвіч.

«Нам не варта чакаць, калі сюды прыйдуць з піламі і сякерамі, – заявіў ён. – Мы гатовыя будзем абараняць свой парк, нават кладучыся пад бульдозеры, аднак ёсць цывілізаваны шлях – гэта правядзенне раённага рэферэндуму».

Паводле Янчурэвіча, для правядзення такога рэферэндуму трэба стварыць ініцыятыўную групу ў складзе прыкладна 50 чалавек і афіцыйна яе зарэгістраваць, пасля чаго можна будзе збіраць подпісы грамадзянаў. Ён адзначыў, што для рэферэндуму трэба сабраць 15–16 тыс. подпісаў.

Жыхары раёну падтрымалі гэтую ініцыятыву і пачалі фармаваць групу. Адзін з удзельнікаў сходу заявіў, што гатовы сабраць як мінімум 100 подпісаў.

Як паведаміў Віктар Янчурэвіч, аналагічны сход плануецца правесці і ў іншых мікрараёнах Першамайскага раёну. Міліцыя не перашкаджала правядзенню сходу абаронцаў парку, нягледзячы на афіцыйнае папярэджанне, якое Янчурэвіч атрымаў 24 лістапада ад Першамайскага РУУС.

Барацьба жыхароў мікрараёну Усход-2 супраць планаў гарадскіх уладаў наконт рэканструкцыі Севастопальскага парку вядзецца з 1995 г.

belsat.eu

Стужка навінаў