Мядзведзеў прагне «геапалітычнай велічы»


«Новы саюз прынясе не проста адчуванне нашай геапалітычнай велічы (што, вядома, таксама важна), але ён прынясе выгоды, карысць кожнай расейскай сям’і, бо павысіць наш эканамічны патэнцыял, дасць нам магчымасць умацаваць міжнароднае становішча Расеі на сусветнай арэне. А гэтае становішча, і мы з вамі ведаем, яно было заслужанае працаю вялікай колькасці людзей цягам многіх стагоддзяў», – цытуе расейскага лідара РІА «Новости».

Дзмітрый Мядзведзеў заўважыў, што ў будучыні да Еўразійскага саюзу Расеі, Беларусі ды Казахстану могуць далучыцца і іншыя дзяржавы. «Я разлічваю, што ў далейшым і іншыя нацыі далучацца да нас, бо наш праект – ён прыцягальны на ўмовах раўнапраўя, на ўмовах гістарычнай блізкасці, роўнасці эканомікаў», – заявіў ён.

Нагадаем, 18 лістапада ў Маскве Дзмітрый Мядзведзеў, Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў падпісалі Дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, канчатковаю мэтай якой абвяшчаецца стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі.

Ідэя ўступлення Беларусі ў Еўразійскі саюз выклікала неадназначную рэакцыю ў беларускім грамадстве. Гэтак, напрыклад, Партыя БНФ абвесціла пра пачатак бестэрміновай кампаніі супраць уваходжання Беларусі ў гэтае геапалітычнае аб’яднанне. У заяве партыі зазначаецца: «Авантурная і эканамічна некампетэнтная палітыка ўладаў прывяла да зневажальнай здачы часткі нацыянальнага, палітычнага і эканамічнага суверэнітэту на карысць гэтак званых наднацыянальных інтэграцыйных органаў, якія будуць поўнасцю кантралявацца Расеяй. Далейшае паглыбленне інтэграцыйных працэсаў, прадугледжанае падпісанымі 18 лістапада дакументамі, пагражае поўным знішчэннем незалежнасці нашай дзяржавы, растварэннем Беларусі ў будучым Еўразійскім саюзе, які ў заявах часткі расійскай палітычнай эліты расцэньваецца не іначай як «вялікая дзяржава рускага народу».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары