Грамадскія актывісты патрабуюць спыніць пабудову АЭС


Праціўнікі будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне патрабуюць ад урадаў Беларусі ды Расеі спыніць рэалізацыю праекту. Пра гэта гаворыцца ў адкрытай заяве групы грамадзянаў і шэрагу грамадскіх арганізацыяў да кіраўнікоў дзвюх краінаў. Аўтары выказваюць абурэнне падпісаннем міжурадавага пагаднення аб вылучэнні Расеяй Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Адозву падпісалі прадстаўнікі Беларускай антыядравай кампаніі, рухаў “Асяроддзе жыцця” і “Захавальнікі Вясёлкі”, Міжнароднага сацыяльна-экалагічнага саюзу, грамадскай кампаніі “За бяз’ядравы рэгіён!”, шэрагу іншых арганізацыяў і грамадзяне.

“Мы ўпэўненыя: гэтае пагадненне, як і дамоўленасці паміж Масквою ды Менскам, звязаныя са будаваннем беларускай АЭС, што папярэднічалі яму, не адпавядаюць інтарэсам грамадзянаў нашых краінаў, – гаворыцца ў заяве. – Больш за тое, Расея, выкарыстоўваючы бядотнае эканамічнае становішча і аўтарытарную сістэму кіраўніцтва Беларусі, навязвае ёй свае небяспечныя і вельмі ненадзейныя тэхналогіі. Гэта адбываецца ў той час, калі ўсё большая колькасць краінаў свету адмаўляюцца ад атамнай энергетыкі”.

“Мы расцэньваем падпісанне гэтага крэдытнага пагаднення ва ўмовах сталых пратэстаў беларускай, расейскай ды літоўскай грамадскасці супраць праекту беларускай АЭС як вельмі непрыязную захаду ў дачыненні народаў трох краінаў і выказванне скрайняй непавагі да іх”, – заяўляюць аўтары адозвы.

Яны нагадваюць, што ў Беларусі “не ўлічылі меркавання грамадзянаў пры прыняцці рашэнняў, звязаных з будаўніцтвам АЭС”. “Камітэт у справе выканання Орхускай канвенцыі зрабіў афіцыйныя высновы аб парушэнні Беларуссю Канвенцыі пры рэалізацыі праекту беларускай АЭС. Гэтае крэдытнае пагадненне таксама не абмяркоўвалася расейскім парламентам і не атрымала ўхвалы расейскіх грамадзянаў, за кошт якіх будзе фінансавацца гэтая небяспечная будоўля, – гаворыцца ў дакуменце. – Мы патрабуем ад нашых урадаў і прэзідэнтаў спыніць рэалізацыю праекту беларускай АЭС, а вылучаныя сродкі перанакіраваць на энергаашчаджэнне і павышэнне энергаэфектыўнасці, на развіццё экалагічна бяспечнай аднаўляльнай энергетыкі!”

belsat.eu

Стужка навінаў