Кірыл Беразоўскі: Сацыяльныя сеткі мусяць быць свабоднаю зонаю


У Менску, у Міжнародным інстытуце працоўных і сацыяльных дачыненняў, адбыўся XI студэнцкі фестываль “Моладзевы фэст”. Ён сабраў студэнтаў і выкладчыкаў з універсітэтаў Расеі, Украіны, Латвіі, Беларусі.

Паводле старшага выкладчыка Міжнароднага інстытуту працоўных і сацыяльных дачыненняў Кірыла Беразоўскага, фестываль адметны спалучэннем двух складнікаў – культурнай супрацы і навуковага пошуку. У межах міжнароднага форуму адбыўся круглы стол “Віртуальныя сацыяльныя сеткі – этычны і юрыдычны аспекты выкарыстання”.

“Усе мы памятаем падзеі, якія адбываліся ўлетку ў Беларусі з выкарыстаннем сацыяльных сетак, – заўважыў ён. – Гэтыя сеткі сёння – своеасаблівая пляцоўка, якая дазваляе людзям каардынаваць намаганні, аднадумцам – абмяркоўваць нейкае пытанне. Гэта важкі рэсурс, у які ўцягнутыя шмат якія маладыя людзі. Далёка не ўсе яны актыўна там удзельнічаюць і далёка не ўсе, трэба сказаць, адэкватна ўспрымаюць гэтую пляцоўку. Мне здаецца, гэтая пляцоўка мусіць усё ж заставацца своеасабліваю – свабоднаю для дыскусіяў, жывых зносінаў у віртуальнай прасторы. З іншага боку, дзейнасць нашай дзяржавы, як і іншых, прадугледжвае правядзенне ўсіх неабходных захадаў дзеля падтрымання бяспекі”.

“Мяркую, дзяржава не мусіць цалкам кантраляваць сацыяльныя сеткі – гэта крайнасць, – кажа Беразоўскі. – Мы можам дамагчыся негатыўнага эфекту, калі спецслужбы, дзяржаўныя органы будуць празмерна кантраляваць жыццё грамадзянаў. Ёсць неад’емныя правы чалавека, у тым ліку інфармацыйныя, якія гарантуюцца як міжнароднаю супольнасцю, так і дзяржаваю”.

belsat.eu

Стужка навінаў