Данэйка: Рэформы зноў будуць адкладзеныя


У Менску адкрылася VII міжнародная бізнес-канферэнцыя “Топ-менеджмент: разумныя грошы”. На яе сабраліся ўласнікі бізнесу, топ-менеджары, фінансавыя стратэгі, банкіры і эканамічныя аналітыкі з Беларусі, Расеі, Украіны, Нямеччыны, Польшчы, Швецыі ды Японіі.

“Гэта вельмі розныя людзі, – паведаміў адзін з арганізатараў форуму, кіроўны партнёр ПП “Ключевые решения” Андрэй Гусакоў, – якія могуць распавесці прынцыпова цікавыя рэчы, звязаныя з інвеставаннем, фінансаваннем, пошукам грошай для развіцця бізнесу. Асвятляецца даволі вялікі спектр пытанняў, адпаведна прысутнічае больш за дваццаць спікераў, якія актыўна разгорнуць свае ўяўленні пра тое, як будуецца праца ў іхных арганізацыях, падзеляцца досведам найбольш удалых рашэнняў у галіне кіравання грашыма”.

Паводле Гусакова, арганізатары наўмысна не запрашалі на канферэнцыю прадстаўнікоў буйных кампаніяў – яны не характэрныя для беларускага бізнесу. “Тут рэалізоўваецца, хутчэй, канцэпцыя “сярэдні бізнес для сярэдняга бізнесу”, – заўважыў ён.

Генеральны дырэктар бізнес-школы Інстытуту прыватызацыі ды менеджменту Павел Данэйка падзяліўся з удзельнікамі форуму сваім бачаннем сітуацыі ў беларускай эканоміцы: “Куды будзе рухацца наша эканоміка пасля крызісу? Натуральна, да большай прысутнасці рынку. І, у прынцыпе, калі паглядзець на праграму, якую прэзентаваў урад, можна было б сказаць: так, гэта першы крок да сур’ёзнага рэфармавання эканомікі. Але, знізіўшы ўтрая фінансаванне дзяржаўнай праграмы, уяўляеце, як наступілі на мазоль тым людзям, якія ўжо падзялілі гэтыя грошы?.. Любы ўрад, які вядзе антысацыяльную палітыку, рэструктуруе эканоміку, асуджаны. Адпаведна, будзе ціск на праграму і з гэтага боку”.

На думку эканаміста, паколькі кошт газу для Беларусі ў 2012 г. будзе зніжаны, гэта азначае, што зноў з’яўляюцца датацыі. “Але рэформы робяцца толькі тады, калі іх немагчыма не рабіць, – перакананы Данэйка. – Калі ёсць шанец не рабіць – яны не робяцца. Таму ёсць рызыка, што рэформы ў Беларусі могуць быць адкладзеныя”.

“Праблема Беларусі ў тым, што дзяржавы вельмі мала ў эканоміцы, – заявіў Данэйка, – бо нашая дзяржава не выступае дырыжорам і арганізатарам у эканоміцы – яна выступае кіраўніком сваёй уласнасці”.

Тым не менш, упэўнены эканаміст, павольна або хутка, але мадэль будзе мяняцца. “Для вас гэта новыя шанцы, – заўважыў ён, звяртаючыся да залы, – бо калі мяняюцца правілы, адкрываюцца новыя магчымасці. Толькі мяняючы правілы і жывучы ў зменных правілах, вы атрымліваеце шанцы стварыць штосьці новае, атрымаць новае лідарства”.

belsat.eu

Стужка навінаў