Павел Знавец: Арыштаваць Лукашэнку меўся спецназ з Мар’інай Горкі


У гадавіну рэферэндуму 1996 г. журналісты «Белсату» сустрэліся з удзельнікамі тых палітычных падзеяў. «Пасля рэферэндуму апазіцыя была фактычна разгромленая і ператварылася ў дысідэнтаў», – гаворыць Павел Знавец, дэпутат Вярхоўнага савету ХІІ склікання.

Павел Знавец гаворыць аб «прававым Чарнобылі», што настаў у Беларусі пасля правядзення рэферэндуму. Аднак гэта можна было ў свой час перадухіліць. «Старшыня Вярхоўнага савету Шарэцкі дэфіляваў некалькі гадзінаў перад Домам ураду са старшынём КДБ і МУС – абмяркоўвалі пытанне. Быў падрыхтаваны загад пра арышт Лукашэнкі і негалосна даручана гэта было Мар’інагорскаму спецназу, – распавёў Павел Знавец у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат». – Каб гэта ўсё адбылося, трэба было палітычнае рашэнне, воля Канстытуцыйнага суда, які быў апошняю інстанцыяй і на яго ўскладалі надзеі дэпутаты, што падпісаліся за імпічмент. Але, на жаль, «здаў з усімі трыбухамі» і Вярхоўны савет, і законнасць, і дэмакратыю старшыня Канстытуцыйнага суда Ціхіня».

Калі Лукашэнка атрымаў фактычна неабмежаваную уладу, паводле Знаўца, ён брутальна разбурыў апазіцыю і законнасць у краіне. «Калі мы хочам вярнуцца ў прававое поле, мы мусім вярнуцца да Канстытуцыі [1994 года – belsat.eu], і магчыма, трэба будзе збіраць канстытуцыйны сход. Гэта будзе потым. А цяпер трэба падумаць пра тое, як вымусіць дыктатара сысці без крыві. Каб змусіць сысці не так, як Кадафі, што разбурыў краіну, а мірным шляхам. На жаль, тут вялікае пытанне – і я ў гэтым застаюся песімістам. Народ заплоціць крывавы кошт за памылку, якую зрабіў у 1994 годзе, калі галасаваў не розумам, а эмоцыямі», – дадаў Павал Знавец.

belsat.eu

Стужка навінаў