Нечаканая шчырасць Барадзіна перад адстаўкаю


Дзяржсакратар Саюзу Беларусі ды Расеі Павел Барадзін, рашэнне пра адстаўку якога маюць прыняць 25 лістапада на паседжанні Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы, хацеў бы працягнуць працу на гэтай пасадзе. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю расейскай газеце «Коммерсантъ».

На думку Барадзіна, ягоная адстаўка звязаная з тым, што ў асяроддзі кіраўніцтва Беларусі ды Расеі «ёсць людзі, якія нашэптваюць: Барадзін гэта не так зрабіў і гэта не так сказаў». «Але я ніколі рота не раскрываў! Нікому нічога дрэннага не зрабіў. Я ім усё рабіў: выцягваў іх з турмы, даваў кватэры, дачы, машыны. А яны мяне брудам паліваюць. Але першыя асобы да гэтага не маюць ніякага дачынення», – заявіў чыноўнік.

Гаворачы пра тое, чаго не ўдалося дабіцца за 12 гадоў існавання Саюзнай дзяржавы, Барадзін адзначыў, што не атрымалася прыняць канстытуцыйны акт і адзіную валюту. «Тут рэч у дзяржаўнай палітыцы, ад гэтага ніяк не сысці. Адзіны спосаб развязаць нейкую праблему – сесці за круглы стол і дамаўляцца. Ніякія ні малочныя, ні фінансавыя, ні крэдытныя войны ні да чаго добрага не прывядуць», – заявіў ён.

На думку Барадзіна, у гэтым вінаваты Захад, які спрабуе пасварыць Беларусь і Расею, а таксама расейскія алігархі, якім «трэба «прыхватызаваць» палову Беларусі за капейкі, каб потым прадаць за дзясяткі мільярдаў даляраў, як яны зрабілі ў нас у 1990-я гады». Таксама чыноўнік выказаўся адносна перспектываў пашырэння Саюзнай дзяржавы. Гэтак, паводле яго, Казахстан, які разам з Беларуссю і Расеяй стварае Адзіную эканамічную прастору, мае ўвайсці ў склад Саюзнай дзяржавы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары