Уладзімір Мацкевіч: Лістапад 1996-га – наш Майдан, які не адбыўся


https://youtu.be/9GbbTqt8iPY
Спроба імпічменту, шматтысячныя пратэсты і рэферэндум, які ператварыў Беларусь з парламенцкай рэспублікі ў прэзідэнцкую. Падзеі 1996 г., на думку палітолага Уладзіміра Мацкевіча, сталіся вырашальнымі ў лёсе краіны. «Лістапад 1996-га – наш Майдан, які не адбыўся, – гаворыць палітолаг. – Чаму не адбыўся? Сапраўдная прычына, чаму не адбылася сапраўдная рэвалюцыя ў 1996 годзе, у тым, што мы не любім сваёй краіны. Мы ўсе, на жаль, ставімся да Беларусі як да аўтсайдара, як да той краіны, што вымушаная заўсёды арыентавацца на нейкія ўзоры больш перадавых, больш развітых краінаў. Майдан мусіў быць у нас першым, украінцы ў нас потым ужо капіявалі гэтыя рэчы. Але ў нас ён не адбыўся, бо мы не верылі ў свае сілы і магчымасці».

Правалілася і спроба імпічменту, у вялікай ступені – праз дзеянні Расеі, якая зрабіла стаўку на Лукашэнку. «Быў вялізарны ціск, быў ціск на дэпутатаў, што падпісваліся пад імпічментам. Дзяржава, КДБ на іх ціснулі. Але ціскам апраўдаць паразу нельга – было б смешна, калі б праціўнік не ціснуў на вас», – дадае Уладзімір Мацкевіч.

Калі ацэньваць законнасць вынікаў рэферэндуму 1996 г., на думку эксперта, трэба размяжоўваць законнасць правядзення і захаванне працэдураў. «Парушэнне працэдураў робіць яго вынікі нядзейснымі. Напрыклад, калі пачалося датэрміновае галасаванне, людзі не ведалі тых зменаў у Канстытуцыю, за якія яны галасуюць. Пачалося галасаванне, а змены былі прад’яўленыя выбарнікам пасля пачатку галасавання», – нагадвае Уладзімір Мацкевіч.

Аднак досвед 1996 г. вялікай карысці беларускай дэмакратычнай апазіцыі не прынёс. Спробы аб’яднацца перад выбарамі церпяць паразу і ў лепшым выпадку застаюцца на паперы. У горшым – перарастаюць ва ўнутраную барацьбу. «Толькі моцная, кансалідаваная апазіцыя можа супрацьстаяць кансалідаванай моцнай ўладзе. І да сённяшняга дня гэтага, на жаль, не разумеюць некаторыя лідары. Такім чынам праводзіліся выбары мінулага года – ішлі невялічкімі групкамі супраць вялізарнай сілы. Гэта нават не партызаншчына і не тактыка такая. Гэта бязглуздзіца», – дадаў палітолаг.

belsat.eu
https://youtu.be/CIInWlYcWZA

Глядзі таксама
Каментары