Наста Лойка ў «Гарачым каментары»


Яны бароняць правы і свабоды іншых грамадзянаў – часта коштам правоў і свабодаў уласных. Сёння ў Менску быў агучаны прысуд кіраўніку незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму. Чатыры з паловаю гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці – нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна”, двойчы намінант на Нобелеўскую прэмію міру, лаўрэат шматлікіх узнагародаў у галіне абароны правоў чалавека, вядомы беларускі грамадскі дзеяч і пісьменнік. Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня паводле абвінавачання ў хаванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для арышту Алеся стала інфармацыя аб ягоных банкаўскіх рахунках, перададзеная Міністэрствам замежных справаў Літвы і пракуратураю Польшчы. Паводле абвінавачання, Бяляцкі не пазначыў у дэкларацыях суму, большую за 1 млрд руб.

Праваабаронца сцвярджаў, што гэтыя сродкі не былі ягоным асабістым прыбыткам і выдаткоўваліся выключна на праваабарончую дзейнасць. Сёння суддзя Сяргей Банадрэнка цалкам пагадзіўся з пазіцыяй пракурора Уладзіміра Сайкоўскага – як вынік, праваабаронца атрымаў 4 з паловаю гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Бяляцкі не прызнаў сваёй віны. Ягонага вызвалення і вызвалення іншых палітвязняў неадкладна запатрабавала міжнародная супольнасць.

Наста Лойка падкрэслівае, што асноўнаю прычынаю зняволення Алеся Бяляцкага стала ягоная праваабарончая дзейнасць.

“Уладам асабліва не падабаўся маніторынг выбарчага працэсу і выяўленне яго хібаў. Безумоўна, ёсць іншы бок – гэта дзяржаўныя медыі, якія сцвярджалі, што тое быў прыбытак, які Алесь цалкам выдаткоўваў на сябе. І так палічыў сам пракурор, хоць гэта нават не адпавядае беларускаму заканадаўству”, – кажа Наста Лойка.

Паводле спадарыні Лойкі, арышт Бяляцкага даўно рыхтаваўся. Гэта пацвярджаюць дакументы, у якіх кажацца аб распрацаванні плану нейтралізацыі “Вясны” яшчэ ў кастрычніку 2010 г.

“У гэтым ліставанні абмяркоўваюцца некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх можна было б пасадзіць Бяляцкага, і гаворыцца пра неабходнасць здабыць інфармацыю пра рахункі Алеся за мяжою”, – зазначае праваабаронца.

Наста Лойка падкрэслівае, што нягледзячы на зняволенне кіраўніка “Вясны” цэнтр будзе працягваць сваю дзейнасць.

belsat.eu

Стужка навінаў