Валанцёры ахоўваюць ласося ад браканьераў


Два месяцы яны будуць жыць ля ракі Вяллі, каб захаваць гэты гатунак рыбаў для Беларусі.

Начныя дзяжурствы ініцыявала грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Мэта арганізацыі – захаванне біялагічнай разнастайнасці ды заахвочванне насельніцтва да актыўнай аховы прыроды.

“Гаворка ідзе зусім не пра таго ласося, якога можна купіць у краме, – кажа каардынатарка Вольга Лукшыц. – Гаворка ідзе аб прахадным гатунку ласося – кумжы, які заходзіць на нераст у нашыя рэкі. Пра гэтых рыбаў-падарожнікаў ведаюць жыхары ў наваколлі ракі Вяллі, менавіта па ёй яны падымаюцца для нерасту і разыходзяцца ў прытокі. На жаль, гэты факт не застаўся без увагі браканьераў. Нават адзінкавыя выпадкі здабычы гэтай рыбы ставяць пад пагрозу захаванне віду ў Беларусі, таму мы арганізавалі дзяжурствы ля Вяллі”.

Гэтак, у суседняй Літве вядзецца і прыносіць даход дзяржаве ліцэнзійная аматарская лоўля ласося. У Беларусі ў гэтым кірунку робяцца толькі першыя крокі. Паводле начальніка кіраўніцтва біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталлі Мінчанкі, захаванне і развядзенне ласасёвых рыбаў – задача перспектыўная, таму ёй будзе надавацца ўсё большая ўвага.

“Адмыслоўцы Міністэрства прыроды распрацавалі план захавання атлантычнага ласося ў басейне Вяллі. Ён уключае ў сябе агітацыйныя кампаніі, рэйдавыя акцыі, правядзенне навуковых даследаванняў. Работнікі Нацыянальнай Акадэміі навук ужо некалькі гадоў вядуць на Вяллі маніторынг ласасёвых. Два гады таму прынялі пастанову аб лакальнай забароне лоўлі рыбы ў перыяд нерасту ласасёвых. Супольна з прадстаўнікамі прыродаахоўных структураў Літвы мы актыўна абмяркоўваем пытанне будаўніцтва рыбаходаў”, – адзначыла чыноўніца.

belsat.eu

Стужка навінаў