Беларусь у нацыянальным брэндзе дагнала і перагнала Амерыку


Нашая краіна заняла 190-е месца паводле індэксу ўспрымання нацыянальнага брэнду, апярэдзіўшы Швецыю (197-е месца), Украіну (201-е месца), ЗША і Расею (207-е і 218-е месцы).

Пра гэта прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных паведаміў 24 лістапада на другім міжнародным форуме “Імідж Рэспублікі Беларусь: стратэгія развіцця” ў Менску.

Брэнд паказвае, які вобраз краіны замацаваны ва ўяўленні замежнікаў. “Прыкмета паспяховага брэнду – яго імгненнае асацыяванне з краінаю”, – сцвярджаюць адмыслоўцы з амерыканскага даследчага інстытуту “East-West Communications”, які штогод разлічвае індэкс успрымання для больш як 200 краінаў свету. За аснову бяруцца сотні тысячаў інфармацыйных артыкулаў з найбольш папулярных сусветных медыяў. Улічваюць два крытэры: наколькі часта згадваецца краіна і як яе ўспрымаюць: пазітыўна, нейтральна ці негатыўна.

Савіных нагадаў, што галоўныя фактары, якія ўплываюць на фармаванне нацыянальнага іміджу, – гэта дзейнасць органаў улады і грамадскіх арганізацыяў унутры краіны і за яе межамі, беларускія турысты і наагул усе прадстаўнікі краіны за мяжою, у тым ліку бізнесоўцы і навукоўцы. Таксама да фактараў, якія ўплываюць на імідж краіны, ён аднес і замежных турыстаў, якія наведваюць Беларусь.

Уяўленні пра Беларусь, паводле Савіных, складаюцца ў тым ліку зыходзячы з інфармацыі, якая распаўсюджваецца іншымі краінамі. “На што ўплываць немагчыма – дык гэта на дзеянні іншых дзяржаваў. Працэс, які пачаўся з распаду Савецкага Саюзу, не скончыўся, што адбіваецца на геапалітычным супрацьстаянні”, – адзначыў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў.

belsat.eu

Стужка навінаў