Жонка Бяляцкага: Надзеі на змякчэнне выраку не было


«Тое, што раней з’яўлялася ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі, той тон, які задаваўся папярэдне, не даваў магчымасці думаць пра нейкае змякчэнне прысуду. Сёння мы гэта пабачылі», – заявіла жонка асуджанага праваабаронцы Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук пасля абвяшчэння выраку.

Алесь Бяляцкі – віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» – асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Грошы на замежных рахунках Бяляцкага выкарыстоўваліся для аказання юрыдычнай дапамогі ды падтрымання пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Наталля Пінчук распавяла, што з моманту арышту Алеся Бяляцкага ў жніўні яна не мела магчымасці сустрэцца з мужам. «У спатканні мне адмовілі, калі справаю займалася следчая група з Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, потым я пісала заяву на імя суддзі Бандарэнкі – мне таксама было адмоўлена. Цяпер, пасля вынясення прысуду, буду рабіць яшчэ адну спробу», – дадала Наталля Пінчук.

belsat.eu

Стужка навінаў