ЗША пратэстуюць супраць зняволення Бяляцкага


У Беларусі з’явіўся новы палітвязень – зняволенне намінанта на Нобелеўскую прэмію міру і кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Еўразвяз і ЗША лічаць палітычным пераследам.

Злучаныя штаты Амерыкі заклікаюць беларускі ўрад вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў «неадкладна і безумоўна». Пра гэта журналістам 24 лістапада заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан адразу пасля вынясення прысуду Бяляцкаму. Ён таксама падкрэсліў, што ЗША заклікаюць «зняць усе бар’еры для далейшага ўдзелу палітвязняў у грамадскім жыцці» ды спыніць кампанію іхнага пераследу за крытыку ўладаў.

Алесь Бяляцкі – віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» – асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Грошы на замежных рахунках Бяляцкага выкарыстоўваліся для аказання юрыдычнай дапамогі ды падтрымання пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары