Вырак Бяляцкаму: 4,5 гады з канфіскацыяй маёмасці


Суд прызнаў віну Алеся Бяляцкага даказанаю. Адбываць пакаранне праваабаронца будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бяляцкага прызналі вінаватым паводле арт. 243 ч. 2 Крымінальнага кодэксу («Утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры»). Довады падсуднага пра тое, што сродкі, пералічаныя на ягоныя банкаўскія рахункі ў Літве і Польшчы, не былі ягоным асабістым прыбыткам, суд палічыў неабгрунтаванымі. У рашэнні суда гаворыцца, што Бяляцкі наўмысна, з мэтай ухілення ад падаткаў, хаваў сродкі, якія паступалі на ягоны рахунак.

Паводле боку абвінавачвання, Бяляцкі ведаў пра неабходнасць плаціць падаткі, але не рабіў гэтага наўмысна. Атрыманне Бяляцкім сродкаў на праваабарончую дзейнасць, на думку абвінавачання, не вызваляе яго ад выплаты падаткаў з гэтых грошай. Абарона, у сваю чаргу, прасіла суд вынесці Бяляцкаму апраўдальны вырак і адмяніць арышт ягонай маёмасці.

Паводле адваката, справа ягонага падабароннага расследавалася яўна неаб’ектыўна: «Абвінавачаннем устаноўлена толькі тое, што Бяляцкі адкрыў два рахункі за мяжою, на іх паступілі грошы, а ён сам іх зняў. Больш доказаў няма, у тым ліку і таго, хто і колькі пералічваў сродкаў на рахункі Бяляцкага». Ён звярнуў увагу на тое, што звесткі аб перамяшчэнні сродкаў з банкаўскага рахунку Бяляцкага, на якіх будуецца абвінавачанне, не аформленыя і не засведчаныя належным чынам. Будаваць абвінавачанне на такіх дакументах недапушчальна, заявіў адвакат Лаеўскі.

Сам Бяляцкі віны сваёй не прызнаў ды заявіў, што лічыць крымінальны пераслед палітычна матываваным. «Я не веру ў тое, што КДБ ды іншыя дзяржаўныя службы, якія цікавіліся і цікавяцца дзейнасцю «Вясны», не ведаюць, чым займаецца «Вясна», і ў прыватнасці я як старшыня арганізацыі. Калі яны сапраўды бачаць у праваабаронцах, у прыватнасці ў «Вясне», канал для перапраўкі ў Беларусь фінансавых сродкаў для «фінансавання радыкальнай апазіцыі», як пісаў у сваім лісце генерал Вягера… Цікава толькі, дзе яны знайшлі гэтую радыкальную апазіцыю ў Беларусі, няхай бы паказалі!» – заявіў Алесь Бяляцкі ў апошнім слове.

belsat.eu

Стужка навінаў