Новая «жалезная заслона»?


Для шмат якіх жыхароў памежных раёнаў перавоз і перапродаж за мяжою паліва сталіся дадатковым заробкам, а для некаторых – адзінаю крыніцаю прыбыткаў. Нядаўна ўведзеныя абмежаванні на выезд за мяжу жыхары Беларусі параўноўваюць з «жалезнаю заслонаю».

Паводле апошніх нормаў, дзеля абмежавання вывазу паліва кожны, хто выязджае на сваім аўце за мяжу часцей як раз на 8 дзён, мае заплаціць мыта за вываз паліва. Улічваецца нават тое, што заліта ў бензабак. Ударае гэта не толькі па тых, хто перавозіць бензін і дызпаліва для перапродажу, але і па тых, хто адносна часта бывае за мяжою. «Хацелася б, каб было больш магчымасцяў выязджаць за мяжу – не адзін раз на восем дзён. Я лічу, што гэта катастрафічна мала», – падкрэсліла адна з удзельніц вулічнага апытання ў Горадні.

Не дапамаглі гэтыя абмежаванні і ў барацьбе з чэргамі на мяжы. Часам, каб выехаць з Беларусі, даводзіцца прастаяць на мяжы болей за 10 гадзінаў. «Чэргі, вядома, вельмі напружваюць. А ўвогуле я лічу, што людзі мусяць мець права ездзіць столькі, колькі захочуць», – гаворыць адзін з удзельнікаў апытання. З ім пагаджаецца другі рэспандэнт. «Чалавек мусіць ездзіць як хоча – хоць кожны дзень, а не так, як хоча дзяржава», – падкрэсліў жыхар Горадні.

belsat.eu

Стужка навінаў