Алесю Бяляцкаму абвесцяць вырак


Абвяшчэнне прыгавору пачнецца ў 11.00. Пракурор Уладзімір Сайкоўскі просіць суд Першамайскага раёна Менску прыгаварыць праваабаронцу да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Паводле слоў праваабаронцы, яго крымінальная справа з самага пачатку мела палітычны падтэкст. “Я не веру, што КДБ не ведае, чым займаюцца праваабаронцы. Яны ведаюць і свядома спрабуюць нейтралізаваць праваабаронцаў”, — заявіў падсудны.

Падчас судовых спрэчак 23 лістапада пракурор заявіў, што Бяляцкі ведаў пра неабходнасць плаціць падаткі, але не рабіў гэтага наўмысна. Ухіленне ад уплаты падаткаў з даходаў караецца ва ўсіх краінах, зазначыў Сайкоўскі. Атрыманне Бяляцкім сродкаў на праваабарончую дзейнасць, на думку абвінавачання, не вызваляе яго ад уплаты падаткаў з гэтых грошай. Абарона, у сваю чаргу, просіць суд вынесці Бяляцкаму апраўдальны прыгавор і адмяніць арышт яго маёмасці.

Паводле слоў адваката, справа яго падабароннага расследавалася яўна неаб`ектыўна. “Абвінавачаннем устаноўлена толькі тое, што Бяляцкі адкрыў два рахункі за мяжой, на іх паступілі грошы, а ён сам іх зняў. Больш доказаў няма, у тым ліку і таго, хто і колькі пералічваў сродкаў на рахункі Бяляцкага”. Ён звярнуў увагу на тое, што звесткі аб перамяшчэнні сродкаў з банкаўскага рахунку Бяляцкага, на якіх будуецца абвінавачанне, не аформленыя і не засведчаныя належным чынам. Будаваць абвінавачанне на такіх дакументах недапушчальна, заявіў Лаеўскі.

Адвакат таксама падкрэсліў: сродкі ад замежных арганізацый выкарыстоўваліся выключна для праваабарончай дзейнасці, Бяляцкі перадаваў іх іншым асобам, а не распараджаўся імі паводле свайго меркавання. “Мой падабаронны не атрымліваў даходаў, у яго адсутнічалі намеры атрымання эканамічнай выгады”, — сказаў ён.

Такім чынам, мяркуе абарона, складу злачынства ў дзеяннях Бяляцкага няма.

Алесь Бяляцкі ў сваім апошнім слове заявіў, што падтрымлівае адваката і згодны з яго высновамі.

Бяляцкі працытаваў Дэкларацыю ААН аб праваабаронцах, згодна з якой кожны чалавек мае права займацца праваабарончай дзейнасцю. Калі яго судзяць за рэалізацыю гэтага права, то абвінавачанне — гэта лухта, падкрэсліў ён.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, паводле слоў Бяляцкага, працуе ў межах Канстытуцыі і міжнародных дамоўленасцяў. “З 1996 года мы дапамаглі тысячам людзей”, — заявіў праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў