Паліва ізноў даражэе?


Чакаецца, што з 1 снежня кошты ўздымуць на 10 %.

У “Белнафтахіме” гэтую інфармацыю каментаваць адмаўляюцца. Як заявіла прэс-сакратарка канцэрну Марына Касцючэнка, яна пакуль не мае інфармацыі пра тое, ці будуць сёлета яшчэ раз павышаныя кошты на бензін. Аднак гэта звычайная практыка канцэрну – паведамляць пра павелічэнне коштаў у той дзень, калі гэта адбываецца.

Прычыны падвышэння абгрунтоўваюць неабходнасцю абароны ўнутранага рынку ды нерэнтабельнасцю працы НПЗ ва ўмовах крызісу.

Незалежны эканаміст Аляксандр Сінкевіч зазначае, што інфармацыя, колькі каштуе вытворчасць паліва на ўнутраныя патрэбы краіны, досыць закрытая. Ён нагадвае, што Расея адпускае нафту на гэтыя мэты практычна за ўнутрырасейскія кошты. “На гэты аб’ём існыя цяпер кошты, на мой погляд, аптымальныя, і ўжо дазваляюць нафтаперапрацоўнікам не працаваць сябе на страту”, – гаворыць Аляксандр Сінкевіч.

Адзіная праблема, што ў бліжэйшых краінаў-суседзяў бензін даражэйшы ў паўтара разу, а то і ўтрая, зазначае эканаміст. Таму, каб спыніць вываз паліва за мяжу, кошты будуць падвышаць. На меркаванне эканамістаў, гэты рост спыніцца, калі беларускія кошты на паліва дасягнуць расейскіх, а магчыма, і крыху перавысяць іх.

Эканаміст упэўнены, што кошты на бензін і далей будуць падвышаць, але паступова – на тры, пяць, максімум дзесяць адсоткаў. “Улада баіцца сацыяльных пратэстаў. Тое, што адбылося ў Менску ў чэрвені (акцыя “Стоп бензін”. – Заўваг. рэд.), стала для ўлады сапраўдным шокам. Яны вымушаныя былі адкруціць кошты назад і гэтым прадэманстравалі сваю слабасць”, – зазначае Аляксандр Сінкевіч.

Калі кошты з 1 снежня падвысяцца, то сёлета гэта стане ўжо 11-м падаражаннем паліва, нагадвае эканаміст.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары