Мядзведзеў пагражае нацэліць “Іскандэры” на сістэму ПРА ў Еўропе


Акрамя гэтага прэзідэнт Расеі заявіў сёння аб магчымасці выхаду краіны з Дамовы аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ).

Нагодаю стала недасягненне паразумення аб супрацоўніцтве з ЗША і NATO аб еўрапейскай сістэме проціракетнай абароны (ПРА).

“На жаль, ЗША, а разам з імі і іншыя партнёры NATO, не выказалі сур’ёзнай гатоўнасці рухацца ў гэтым кірунку. Яны не збіраюцца, прынамсі, на сённяшні дзень, улічваць нашую заклапочанасць архітэктурай еўрапейскай ПРА на гэтым этапе. Нас толькі запэўніваюць у тым, што іхныя планы не скіраваныя супраць Расеі. Але гэта ўсё на ўзроўні выканаўчай улады, а заканадаўцы некаторых краінаў кажуць наўпрост: майце на ўвазе – гэта супраць вас”, – заявіў Дзмітрый Мядзведзеў у сённяшнім звароце да расейцаў.

Кіраўнік РФ выклаў план адказу на намеры ЗША ў размяшчэнні проціракетнага шчыта ў Еўропе да 2020 года. Паводле Мядзведзева, ужо зараз у Калінінградзе ўводзіцца ў баявую гатоўнасць радыёлакацыйная станцыя ранняга папярэджвання, а баявыя караблі і ракетныя сістэмы абсталююць самаю сучаснаю зброяй.

“Калі вышэйпералічаныя захады акажуцца недастатковыя, Расейская Федэрацыя размесціць на захадзе і на поўдні краіны сучасныя ўдарныя сістэмы ўзбраення, што будуць забяспечваць агнявое паражэнне еўрапейскага кампаненту ПРА. Адным з такіх крокаў стане разгортванне ракетнага комплексу “Іскандэр” у Калінінградскім асобым раёне. Будуць падрыхтаваныя і іншыя захады супраць еўрапейскай ПРА. Пры неспрыяльным развіцці падзеяў Расея пакідае за сабою права адмовіцца ад далейшых крокаў у галіне раззбраення і кантролю над узбраеннем. Акрамя гэтага, могуць узнікнуць падставы для выхаду нашай краіны з дамовы аб СНУ”, – падкрэсліў расейскі лідар.

Эксперт цэнтру еўрапейскіх даследаванняў палітолаг Андрэй Фёдараў сумняецца ў сур’ёзнасці гэтых заяваў. “Гэта гучыць хутчэй як “назло маці адмарожу вушы”. Я не лічу, што Расея здольная адэкватна адрэагаваць на пагрозу з боку NATO. Трэба памятаць, што Расея валодае даволі малою колькасцю сучасных сістэмаў далёкага радыусу дзеяння. І дамова аб СНУ ім патрэбная перадусім, каб пазбавіцца ад састарэлай зброі. Утрыманне ж яшчэ савецкага арсеналу ў баявой гатоўнасці стварае куды большую пагрозу, чым размяшчэнне ПРА ў Еўропе. Гэта хутчэй перадвыбарны пі-ар”, – мяркуе спадар Фёдараў.

Разам з тым, палітолаг падкрэслівае, што ў выпадку, калі Расея насамрэч пойдзе на размяшчэнне ядравай зброі ў Еўропе – нібыта ёю маюць быць абсталяваныя комплексы “Іскандэр”, – то кіраўніцтва Беларусі з задавальненнем размесціць узбраенне гэткага кшталту на сваёй тэрыторыі. Вядома, у такім выпадку можна чакаць вялікіх эканамічных дывідэндаў, якія наўрад ці будуць роўныя вайсковай пагрозе.

belsat.eu

Стужка навінаў