Яраслаў Раманчук: Я не радыкал і не рэвалюцыянер


Кандыдат ведае, дзе ўзяць грошай на рэформы і 1 млн працоўных месцаў.

Яраслаў Раманчук, кандыдат на прэзідэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у сённяшнім выступе на першым канале Беларускага радыё заявіў, што ён адзіны новы эканаміст-прафесіянал сярод кандыдатаў, у яго самая магутная каманда рэфарматараў-прафесіяналаў і самая якасная праграма “Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі”.

Праграму чацвёртай пяцігодкі ўлады ён называе застоем і паўторам таго савецкага досведу, які і прывёў краіну да развалу. “Я ведаю, што рабіць. Я ведаю, як рабіць. У мяне ёсць каманда прафесіяналаў. Я ведаю, адкуль узяць грошы на гэтыя рэформы”, – заявіў Раманчук.

Апрача гэтага, у выпадку прыходу да ўлады ён абяцае цягам года правесці канстытуцыйны рэферэндум, які адновіць прынцып раздзялення ўладаў, абмяжуе тэрмін прэзідэнцтва (“два разы па чатыры гады – дастаткова”) і забяспечыць незалежнасць судоў.

У плане міжнароднай супрацы кандыдат замест самаізаляцыі выбірае паўнавартасную інтэграцыю з акцэнтам на эканамічную сферу: “Трэба стаць чальцом Рады Еўропы, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а таксама забяспечыць сапраўднае партнёрства з Расеяй, Украінай і Еўрапейскім Звязам у межах падпісання двухбаковых дамоваў аб зоне свабоднага гандлю”.

Выправіць жа рэпутацыю Беларусі на міжнароднай арэне, паводле Раманчука, дапаможа расследаванне справаў знікнення Юрыя Захаранкі ды Віктара Ганчара, якія дарэчы таксама былі сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі: “Для мяне і маіх калегаў справа гонару расследаваць гэтыя злачынствы і пакараць злачынцаў”.

Яраслаў Раманчук падкрэсліў, што не ёсць радыкалам і рэвалюцыянерам. “Я за тое, каб не дзяліць людзей на апазіцыю і ўладу. І ва ўладзе, і ў апазіцыі ёсць як ашуканцы і прайдохі, так і сумленныя людзі, патрыёты сваёй краіны. Я за тое, каб рэформы рабілі людзі з чыстымі рукамі і чыстым сумленнем”, – падкрэсліў кандыдат.

belsat.eu

Стужка навінаў