Студэнты просяць павялічыць крэдыты на вучобу


Банкі адмаўляюць і прапаноўваюць узяць новы крэдыт.

Крэдытную праграму “Беларусбанку” пад назваю “Крэдыт на навучанне” распрацавалі больш за пяць гадоў таму. Яна прадугледжвае стоадсоткавае пакрыццё выдаткаў на адукацыю. Вяртаць грошы студэнт можа пасля сканчэння ВНУ, але пад 30 % гадавых. Некаторыя студэнты сутыкнуліся з праблемаю: крэдыт выдаваўся на адну суму, цяпер жа ўніверсітэт патрабуе заплаціць амаль удвая больш. Банк адмаўляецца павялічваць крэдыт, спасылаючыся на тое, што ў дамове прапісаная фіксаваная сума.

“У параўнанні з коштам навучання, які ўсталявалі яшчэ падчас уступнай кампаніі, аплата вырасла істотна – на 1,5 млн руб., – кажа першакурснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту Сяргей Савельеў. – Прычым і выкладчыкі, і метадысты ў дэканаце кажуць, што гэта не апошняе падаражанне”.

У крэдытным аддзеле віцебскага філіялу № 200 “Беларусбанку” паведамілі: “Як правіла, мы падпісваем дамовы з бацькамі студэнтаў, бо дзеці яшчэ не працуюць і не могуць пацвердзіць сваю плацежаздольнасць перад банкам. Дык вось, у дамове прапісаная сума, на якую выдаецца крэдыт. Тое, што ўніверсітэт яе павялічыў, не ў кампетэнцыі банку. Пры спрыяльных умовах мы можам даць новы крэдыт, але ў любым выпадку, кліент мусіць пацвердзіць плацежаздольнасць ужо па двух крэдытах”.

Варта дадаць, што такая сітуацыя склалася ў ВНУ па ўсёй краіне. Гэтак, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт павялічвае кошт навучання на 20 %, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – на 25 %. Нагадаем, папярэдняе падаражанне ва ўніверсітэтах было ў верасні – прыкладна на 20 %. Тады Міністэрства адукацыі рэкамендавала ўсім ВНУ тлумачальную працу са студэнтамі ды іхнымі бацькамі і дазволіць растэрмінаваную аплату.

belsat.eu

Стужка навінаў