Чыноўнікаў забавяжуць адказваць на e-mail’ы грамадзянаў


Панятак “электронны зварот” замацуюць заканадаўча

Новаўвядзенне набудзе юрыдычную моц 22 студзеня наступнага года. Паводле дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі Вадзіма Іпатава, у законе не проста з’явіцца панятак «электронны зварот», але таксама будзе замацаваны абавязак чыноўнікаў разглядаць звароты, якія паступаюць на афіцыйныя сайты арганізацыяў і ўстановаў.

“Тэрмін для разгляду звароту будзе такім самым, як і пры пісьмовым звароце – 15 дзён, а калі давядзецца праводзіць дадатковыя правяранні ці даследаванні па запыце, то да месяца”, – адзначыў спадар Іпатаў.

Акрамя гэтага, ад студзеня на прыёмах у чыноўнікаў будзе весціся аўдыё- і відэазапіс. Аднак гэтая захада пакуль не будзе абавязковая. Як патлумачыла юрыстка Святлана Шлома, чыноўнікі на сваё жаданне могуць усталяваць адпаведную апаратуру, каб запісваць, як праходзіў прыём. “Аднак калі грамадзянін хоча запісаць размову з прадстаўніком улады на дыктафон ці відэакамеру, ён павінен папярэдзіць пра гэта загадзя. Толькі ў такім выпадку дадзены запіс пасля можа выкарыстоўвацца для вырашэння спрэчных пытанняў. Праўда, чыноўнік можа і адмовіць грамадзяніну ў запісе размовы на электронныя носьбіты інфармацыі”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары