Прысуд Бяляцкаму агучаць заўтра (Абноўлена)


Пракурор просіць для праваабаронцы 5 гадоў з канфіскацыяй. Сёння ў судзе Першамайскага раёна Менска адбыліся спрэчкі на працэсе па крымінальнай справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які абвінавачваецца ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры.

Пракурор Уладзімір Сайкоўскі падкрэсліў, што ўхіленне ад выплаты падаткаў з даходаў караецца ва ўсіх краінах. На яго думку, атрыманне Бяляцкім сродкаў на праваабарончую дзейнасць не вызваляе яго ад выплаты падаткаў з гэтых грошай.

Пракурор заявіў, што Бяляцкі ведаў аб неабходнасці плаціць падаткі, але наўмысна гэтага не рабіў. Абвінавачванне просіць суд прысудзіць праваабаронцы да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Судовае слуханне, якое прайшло напярэдадні, доўжылася не больш за 15 хвілін. Пасяджэнне пачалося з допыту Бяляцкага, аднак той заявіў, што па-ранейшаму не прызнае сваёй віны і нічога не можа дадаць да ранейшых паказанняў.

Пасля гэтага суд задаволіў хадайніцтва адваката Дзмітрыя Лаеўскага аб далучэнні да матэрыялаў справы ліста з Нарвежскага Хельсінкскага камітэта, у якім гаворыцца, што сродкі на рахункі Бяляцкага пералічваліся для ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці і не з’яўляюцца яго прыбыткам.

Судздзя Сяргей Бандарэнка таксама задаволіў хадайніцтва пракурора далучыць да матэрыялаў справы даведку з Міністэрства юстыцыі аб спробах рэгістрацыі праваабарончага цэнтра “Вясна” і даведку з інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Першамайскага раёна Менска аб даходах падсуднага за 2009 год.

Затым адвакат папрасіў суд аб’явіць перапынак да 23 лістапада для падрыхтоўкі да судовых спрэчак. Пракурор гэтае хадайніцтва падтрымаў, а суд – задаволіў.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня. Ён абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Бяляцкаму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

16 лістапада пракурор Сайкоўскі перафармуляваў абвінавачванне, згодна з якім Бяляцкі атрымліваў частку даходаў з грошай, што паступалі на яго замежныя банкаўскія рахункі, у сувязі з выкананнем ім дагаворных абавязацельстваў. Раней абвінавачванне лічыла усе сродкі, якія знаходзяцца на рахунках Бяляцкага ў літоўскім і польскай банках, яго прыбыткам.

Праваабарончая грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза і шэрагу дэмакратычных краін лічаць крымінальны пераслед Бяляцкага палітычна матываваным і патрабуюць ад беларускіх уладаў ягонага безумоўнага вызвалення.

belsat.eu

Стужка навінаў