Козік: Каб жылося лягчэй і крышачку весялей


У сталічным Палацы мастацтва адкрылася сацыяльная выстава-кірмаш для людзей старэйшага пакалення “50 +”. Яе асноўная мэта – дапамагчы людзям перадпенсійнага ўзросту ў пошуку новых магчымасцяў для паўнавартаснага жыцця пры выхадзе на заслужаны адпачынак.

Як адзначыла на цырымоніі адкрыцця старшыня камітэту працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкаму Жанна Рамановіч, такая выстава-кірмаш праводзіцца ў Менску ўпершыню. “Вельмі хочацца, каб гэты, скажам прыгожа, элегантны ўзрост не стаў нейкаю перашкодай у вашым жыцці. Спадзяюся, выстава дапаможа вам усвядоміць, што пасля пяцідзесяці жыццё толькі пачынаецца”, – адкрыла кірмаш спадарыня Рамановіч.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік адзначыў, звяртаючыся да прысутных: “Чалавек у любым узросце павінен мець перспектыву, і такая перспектыва ў нашых ветэранаў маецца. У нашай краіне ўсё робіцца для таго, каб чалавеку сталага веку жылося лягчэй і крыху весялей”.

Аптымістычную ноту падтрымаў старшыня гарадскога савету ветэранаў Анатоль Адоньеў: “Ёсць цяжкасці, але мы – разам і будзем рабіць усё для таго, каб жыццё ветэранаў, пенсіянераў станавілася лепш і на душы ў нас было спакайней”.

Выстава-кірмаш будзе доўжыцца да 25 лістапада.

belsat.eu

Стужка навінаў