Кіраўнік “Еўрафэсту”: Толькі не трэба “хаяць” нас у інтэрнэце


Беларусь вярнулася да праекту “Еўрафэст” – нацыянальнага адборачнага туру “Еўрабачання”, у якім творчасць канкурсантаў ацэньваюць не толькі сябры журы, але і гледачы.

Слухачы з любоўю ставіліся да нашых выканаўцаў, і гэта “вельмі важна, каб краіна, якую мы рэпрэзентуем, не ганіла нас у інтэрнэце”, – падкрэсліў кіраўнік праекту народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч на круглым стале “Вяртанне “Еўрафэсту”: правілы адбору” 22 лістапада ў Менску.

“Беларускія выканаўцы не раз станавіліся пераможцамі расейскіх праектаў : “Фабрыка зорак”, “Народны артыст”, – нагадаў Ціхановіч. – У нас ёсць багатая эстрадная школа, цудоўныя калектывы, якімі можа ганарыцца нацыя”.

Аляксандр Ціхановіч нездарма ўзгадаў пра інтэрнэт. Чытачы знайшлі ў правілах праекту супярэчнасці. Гэтак, паводле пункту 2.2.1 да ўдзелу прымаюцца песні (вершы і музыка), якія да 1 кастрычніка 2011 г. не рэалізоўвалі камерцыйна, не абнародавалі ды не выконвалі публічна. У сваю чаргу, пункт 3.2.5 забараняе тым, хто прайшоў у паўфінал, перадаваць заяўленыя песні ў тэлевізійны або радыёэфір да правядзення паўфіналу.

Першая для ўдзелу ў “Еўрафэсце” сваю песню “I” (“Я”) прэзентавала група “Аўра”. Цяпер яна баіцца дыскваліфікацыі, бо 21 кастрычніка апублікавала кампазіцыю ў інтэрнэце. Арганізатары “Еўрафэсту” пакуль не могуць развязаць гэтага пытання.

25 лістапада – апошні дзень прыёму заявак на ўдзел у праекце “Еўрафэст”. У пачатку снежня плануецца праслухоўванне, пасля чаго будуць вызначаныя 15 удзельнікаў паўфіналу праекту, якія будуць змагацца за месца ў фінале. Паўфінал пройдзе 21 снежня ў студыі Белтэлерадыёкампаніі ў наўпроставым эфіры. У фінал выйдуць не больш як пяць чалавек. Выбар фіналістаў будзе праводзіцца шляхам супольнага галасавання гледачоў і сябраў журы.

“Еўрабачанне-2012” пройдзе 57-ы раз, сёлета – у сталіцы Азербайджану Баку.

belsat.eu
https://youtu.be/zCICMBfLIyM

Глядзі таксама
Каментары