Сяргей Балыкін: Паляпшаем не ўзровень жыцця, а статыстыку


“Не дарма кажуць, што Адам і Ева былі беларусамі: голыя, адзін яблык на дваіх і сцвярджаюць, што жывуць у раі. Але я не думаю, што людзі вераць у паляпшэнне свайго ж эканамічнага стану. Пагаршэнне адбываецца і, больш за тое, – адбываецца не паступова, а рэзка. А да рэзкіх пагаршэнняў цяжэй за ўсё адаптавацца”, – мяркуе Сяргей Балыкін, старшыня Асацыяцыя малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Шэраг апошніх справаздачаў Белстату для чалавека, што цалкам давярае дакументам дзяржаўнай статыстыкі, могуць падацца вельмі аптымістычнымі. Амаль на 7 % вырас аб’ём вытворчасці ў харчовай прамысловасці ў студзені–кастрычніку. Рост экспарту паслугаў за студзень–верасень перавысіў 17 %. Вытворчасць у металургіі ў студзені–кастрычніку вырасла на 8,2 %.

“Улады Беларусі не грэбуюць і наўпроставым ціскам. Напрыклад, тэлефануюць на прадпрыемствы і патрабуюць напісаць справаздачу з “добрымі лічбамі”. Пасля гэтыя лічбы складаюцца ў вялікія справаздачы – і атрымліваецца выдатная карціна, але яна не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю, – гаворыць Сяргей Балыкін. – У нас, на жаль, статыстыка выкарыстоўваецца не дзеля тых мэтаў, дзеля якіх выкарыстоўваецца ў нармальных дзяржавах. У нармальных дзяржавах статыстыка патрэбная на тое, каб атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю пра стан эканомікі, у нас жа статыстыка – сродак прапаганды”.

Зрэшты, ёсць і іншыя афіцыйныя лічбы, менш аптымістычныя. Гэтак, паводле Белстату, рост спажывецкіх коштаў у Беларусі з пачатку года перавысіў 100 %. Апошнім разам рост коштаў больш як удвая фіксаваўся ў 2000 г. (у 2,08 разу паводле вынікаў 12 месяцаў). Першапачаткова ўлады Беларусі планавалі, што ў 2011 г. кошты павялічацца не больш як на 7,5–8,5 %. Аднак гэтыя лічбы зрэдку можна пачуць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, дзе перавагу надаюць выключна “аптымістычным” лічбам. “Галоўным становіцца не паляпшэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, а паляпшэнне статыстычных паказнікаў”, – дадаў Сяргей Балыкін.

belsat.eu

Стужка навінаў