Ці спраўдзіцца прагноз «Единой России»?


Сем расейскіх партыяў возьмуць удзел у выбарах у ніжнюю палату парламенту – Дзяржаўную Думу. «Единая Россия» ўпэўненая ў сваёй перамозе і збіраецца перамагчы з больш як паловаю галасоў.

Чалец прэзідыуму Генеральнай рады «Единой России», дэпутат Дзяржаўнай Думы Андрэй Ісаеў, упэўнены, што ягоная партыя атрымае каля 60 % галасоў.

«Можа больш, можа менш – розныя сацыялагічныя службы даюць розныя прагнозы. Мы заваюем упэўненую большасць у Дзяржаўнай Думе. Акрамя нас у Дзяржаўнай Думе, напэўна, як я мяркую, будуць дзве партыі. Гэта Камуністычная партыя расейскай Федэрацыі і ЛДПР. У зоне рызыкі трымаюцца «Справедливая Россия» і «Яблоко», – мяркуе дэпутат.

Аднак лідар Камуністычнай партыі Расеі Генадзь Зюганаў паведамляе пра рэзкае падзенне папулярнасці кіроўнай партыі.

«Адсутнасць рэальных поспехаў у эканоміцы плюс няўдзел у дэбатах і няўменне весці дыялог насамрэч абвалілі рэйтынг «Единой России», які за два тыдні ўпаў на 9 %. І насамрэч нідзе ў іх няма і не можа быць больш за палову галасоў», – кажа палітык. Генадзь Зюганаў не выключае фальсіфікацыі падчас выбараў і заяўляе, што апазіцыя будзе ўважліва сачыць за галасаваннем.

«Гэтым разам мы падрыхтавалі амаль 500 тысяч назіральнікаў, падпісалі дамовы з усімі, хто гатовы да дыялогу і сумленных выбараў. А 2 снежня мы паўсюль правядзем пратэсты пад лозунгам «Не дамо ім скрасці нашыя галасы», – падкрэсліў Генадзь Зюганаў.

Паводле яго, хоць апазіцыйныя партыі і бяруць удзел у тэлевізійных дэбатах ды могуць трансляваць відэа на роўных умовах, «Единая Россия» мае значна больш часу, бо яе лідары дамінуюць у штодзённых выданнях навінаў.

Міжнародныя назіральнікі не зафіксавалі парушэнняў падчас апошніх выбараў 2007 г., аднак падкрэслілі, што ў медыях перавага надавалася «Единой России». Апытанні паказваюць, што тэлебачанне ёсць асноўнаю крыніцаю навінаў ды інфармацыі для большасці грамадзянаў краіны.

Расейцы да выбараў ставяцца неадназначна.

«Яны ўжо зарання ўсё вырашылі – хто будзе прэм’ерам, а хто прэзідэнтам. Ці гэта сумленныя выбары?» – абураецца жыхар Масквы Аляксандр.

«Я абавязкова пайду на выбары. Я не буду галасаваць за «Единую Россию», а за якую-небудзь іншую партыю. Аднак я лічу, што мой голас мала што зменіць», – кажа адна з апытаных.

«Я лічу, што выбары будуць дэмакратычнымі, бо так гаворыцца ў нашай Канстытуцыі. Я стаўлюся вельмі станоўча і абавязкова пайду», – заяўляе жыхарка Масквы Ірына.

Як паведамлялася раней, на выбарах у Дзярждуму «Единую Россию» ўзначаліць Дзмітрый Мядзведзеў, а кандыдатам на прэзідэнта ад партыі ў 2012 г. будзе Уладзімір Пуцін.

Выбары адбудуцца 4 снежня, аднак у некаторых рэгіёнах ужо ідзе датэрміновае галасаванне.

belsat.eu

Стужка навінаў