АГП запускае ўласнае он-лайн ТБ


Анатоль Лябедзька кажа, што ў партыйцаў вельмі амбітныя планы наконт будучыні ўласнага тэлебачання.

Стварэнне он-лайн-тэлеканалу кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі тлумачыць неабходнасцю прыцягнуць новых людзей. «Прэзідэнцкая выбарчая кампанія паказала, што наш патэнцыял аграмадны, але мы тут не дапрацоўваем. Трэба, найперш, распавесці, хто мы такія, а па-другое, патлумачыць, з якою пазітыўнай альтэрнатываю мы ідзем да людзей і чаму выбарнік павінен галасаваць за нашых кандыдатаў у прэзідэнты або дэпутаты», – распавёў «Белсату» палітык.

Паводле Анатоля Лябедзькі, на АГП-ТВ працуе вельмі цікавая група, якую кансультуюць вядомыя ў беларускай тэлевізійнай прасторы асобы: Зінаіда Бандарэнка, Леанід Міндлін і Юрый Хашчавацкі. «Пакуль у нас сціплыя дасягненні, але амбітныя планы, і я веру, што ўсё павінна атрымацца, бо і вялікая рака пачынаецца з малой крыніцы», – зазначае старшыня партыі.

Сваю трансляцыю АГП-ТВ пачало з 2-хвіліннага выступу Анатоля Лябедзькі, які распавёў, што канкрэтна прапаноўваюць эканамісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі замест дзяржаўнай «прыхватызацыі». Аднак абмяжоўвацца толькі папулярызацыяй партыйных праграмаў інтэрнэт-тэлебачанне не будзе: «Будуць каментары па актуальных пытаннях, будуць інтэрв’ю, дарэчы, у нас ёсць два вядоўцы: Яўген Агурцоў і Яўген Прэйгерман. У наступным годзе плануем замахнуцца на правядзенне дыскусіяў кшталту праграмы «К барьеру», калі сутыкаюцца дзве пазіцыі па адным і тым жа пытанні».

Анатоль Лябедзька гаворыць, што ў каманды новага тэлеканалу ёсць шмат крэатыўных ідэяў, агучваць якія пакуль рана, бо яны патрабуюць дапрацоўкі.

belsat.eu

Стужка навінаў