Школьны абед – 1 долар на дзіця


Дзяржава не збіраецца павышаць фінансаванне на бясплатнае харчаванне для дзяцей у школах. Разам з тым, патрабаванні да якасці і каларыйнасці ежы застаюцца высокімі.

Дырэктары школаў па ўсёй краіне звяртаюцца да чыноўнікаў з просьбаю перагледзець фінансаванне на школьнае харчаванне і павысіць датацыі. Паводле сённяшняй грашовай нормы на аднаго вучня выдзяляюць не больш за 9 920 руб. на дзень (гэта крыху больш за 1 долар). Аднак калі кіравацца нормамі харчавання, то пракарміць дзіця за такія грошы проста немагчыма. У выніку, школьныя кухары вымушаныя змяншаць порцыі. Паводле дырэктара адной з сярэдніх школаў, катлеты робяць цяпер не па 75 грамаў, а па 50, а замест соку даюць кампот.

Як патлумачыла кандыдат медычных навук і супрацоўніца Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Наталля Бацукова, ежа для вучняў мусіць быць разнастайная: «Абеды мусяць уключаць у сябе мяса, кашы, гародніну».

Адстаяць сваіх вучняў атрымалася пакуль толькі ў дырэктара кадэцкай вучэльні ў Віцебску. Уладзімір Шыцько быў адным з першых, хто загаварыў пра неабходнасць павялічыць дзяржаўную субсідыю на школьнае харчаванне. У вучэльні, дзе ён працуе, вучацца падлеткі, у якіх дастаткова сур’ёзныя фізічныя нагрузкі. «Да таго ж шмат якія дзеці жывуць у інтэрнаце: 95 % кадэтаў – з сельскай мясцовасці, 45 % – з малазабяспечаных сямей, 14 % – сіроты або тыя, хто застаўся без апекі бацькоў. Мясцовыя ўлады пайшлі нам насустрач – фінансаванне харчавання павялічылі на 60 %», – паведаміў суразмоўца.

Нагадаем, што бясплатнае харчаванне ў школах гарантуецца дзяржавай толькі для асобных катэгорыяў насельніцтва: сіротаў, дзяцей са шматдзетных сем’яў, вясковых дзяцей, а таксама вучняў з нядобранадзейных сямей. Адмовіцца ад датацыяў на харчаванне дзяржава не плануе, але і не павышае фінансавання. Разам з тым, патрабаванні органаў кантролю да якасці і разнастайнасці ежы не адпавядаюць рэальнаму кошту прадуктаў на сёння.

belsat.eu

Стужка навінаў