Фанаты расчараваліся


https://youtu.be/mY3V9Y2t8f4
У Гомлі падчас матчу футбольных клубаў «Гомель» – «Дынама» (Менск) сталічныя фанаты кідалі на поле запаленыя фаеры і петарды.

Паводле відавочцаў, на поле паляцелі 6–7 петардаў і фаераў, узнікла задымленне, у звязку з чым матч прыпынялі на чатыры хвіліны. «Петарды былі кінутыя на поле, калі каманды зраўнялі лік, і ў канцы матчу, калі стала відавочна, што «Гомель» перамагае. Штосьці палілі на сваіх трыбунах фанаты «Дынама» падчас матчу, адтуль валіў дым», – распавёў футбольны аматар Ігар Случак.

Ён выказаў здзіўленне з таго факту, што менскім фанатам удалося прайсці на матч з петардамі і фаерамі. «Звычайна да гомельскіх фанатаў міліцыя выказвае павышаную цікавасць: на матч можна трапіць праз тры кардоны, прычым правяраюць вельмі пільна. Сёння, напрыклад, у мяне аглядалі літаральна ўсё – і куртку, і чаравікі. Гэтулькі было міліцыі на матчы, здавалася б, павышаныя захады бяспекі, а менскія фанаты ўчынілі такое шоу», – адзначыў заўзятар.

Ніякіх санкцыяў супраць фанатаў, якія кідалі на футбольнае поле петарды і фаеры, не прымянялася.

Як паведамлялася раней, перамогшы ў хатнім матчы 32-а туру менскае «Дынама» з лікам 2:1, «Гомель» заваяваў бронзавыя медалі чэмпіянату краіны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары