Ладуцька абяцае сярэдні заробак 3 млн руб.


Тым часам на біржы працы Менскі гарвыканкам прапаноўвае вакансіі настаўнікам на 800 тыс. руб. на месяц, бухгалтарам – 1,5 млн руб.

Са словаў Мікалая Ладуцькі, сярэдні заробак у сталіцы складае 2 млн 832 тыс. руб. “Да канца гэтага года сярэдні заробак у Менску мае вырасці амаль на 200 тыс.”, – абяцае чыноўнік. Такім чынам, у снежні менчукі могуць разлічваць на заробак ад 3 млн руб.

Ці адпавядаюць рэчаіснасці названыя спадаром Ладуцькам лічбы, можна праверыць на афіцыйным сайце Менскага гарвыканкаму. Гэтак, у раздзеле “Вакансіі” прапаноўваюць працу настаўніку гісторыі ў СШ № 130, заробак – 800 тыс. руб. на месяц. Максімальны заробак для педагогаў – 1,8 млн руб. – прапаноўваецца ў СШ № 24. Цікава, што на біржы працы вольная пасада дырэктара школы № 135, дзе заробак складае толькі 1,2 млн руб.

Крыху лепш складваецца сітуацыя для медычных працаўнікоў. Гэтак, доктару, які будзе працаваць адну змену ў паліклініцы № 27, гатовыя плаціць 1,2 млн руб. Праца на дзве змены ацэньваецца вышэй – на 2,2 млн руб. Заробкі ў будаўнікоў засталіся такія самыя, што і да крызісу: напрыклад, муляру прапаноўваюць ад 1,5 млн руб. да 2, 5 млн руб. Для параўнання, у Расеі за такую працу плацяць у пяць-шэсць разоў больш. Найбольшыя заробкі прапаноўваюць сталічным дырэктарам будаўнічых арганізацыяў – ад 1,7 млн руб. да 3,5 млн руб.

Эканаміст Ірына Урбан звяртае ўвагу на тое, што чыноўнікі ў сваіх справаздачах абапіраюцца на звесткі Белстату наконт сярэдняга заробку. “Разлік сярэдняга заробку паводле прынцыпу сярэдняга арыфметычнага дастаўся нам у спадчыну з часоў СССР, і ён не адлюстроўвае рэальнай карціны, – тлумачыць суразмоўца. – Пры разліку зарплаты метадам сярэдняга арыфметычнага для росту сярэдняга заробку ў краіне дастаткова значна падняць заробкі – скажам, толькі кіраўнікам і менеджарам. І тады паказальнікі будуць сапраўды высокія”.

На меркаванне незалежных экспертаў, сярэдні заробак у краіне на сёння складае не больш за 1,8 млн руб. (каля $ 200). Штучнае павышэнне заробкаў, у сваю чаргу, адразу пацягне падаражанне спажывецкіх і прамысловых тавараў, паслугаў і энерганосьбітаў, кажуць аналітыкі.

belsat.eu

Стужка навінаў