Рэха «Дажынак»: У Маладзечна выклікалі будаўнікоў


Яны мусяць дарабіць тое, што не паспелі да галоўнага сельскага свята.

Асноўныя працы дзеля ўпарадкавання гораду выконвалі салігорскія працоўныя з будаўнічага трэсту № 3. Планаў рамонту дарогаў было вельмі шмат, але ўвесь час іх даводзілася змяняць – будаўнікі не паспявалі. Дзе-нідзе абяцаны асфальт не паклалі зусім, дзесьці папросту залаталі ямы. Некаторыя хібы такой хуткай працы відаць ужо цяпер.

“Напрыклад, недалёка ад прадпрыемства “Энва” на вул. Вялікі Гасцінец новыя краты ліўневай каналізацыі раптам пачалі правальвацца. Але самыя вялікія праблемы звязаныя з рамонтам дамоў. Дрэнна зрабілі дахі на дамах – і людзей затапіла. Кампенсацыю за гэта раённы бюджэт выплачвае дагэтуль. Фасады з боку галоўных вуліцаў, вядома, скончылі. А вось у дварах так і кінулі, не дарабіўшы”, – дзеліцца сваімі назіраннямі мясцовая жыхарка Юлія Рудніцкая.

Планавалася, што падчас “Дажынак” у Маладзечне зробяць звычайны рамонт у 300 дамах, капітальны – у 98. Як паведамілі ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкаму, капітальны рамонт у 20 дамах дагэтуль не скончаны.

“Асноўныя недапрацоўкі датычаць добраўпарадкавання двароў, – кажа галоўны адмысловец аддзелу Таццяна Волкава. – Аднак да канца лістапада абяцаем, што ўсё аб’екты будуць здадзеныя. На зіму пераносіць рамонту не будзем”.

Нагадаем, што на правядзенне “Дажынак” у Маладзечне сёлета з бюджэту пайшло 700 млрд руб.

belsat.eu

Стужка навінаў