Андрэй Ажароўскі: Крэдыт на АЭС усё роўна не вернуць


Сёння ў Маскве мае адбыцца чарговы пратэст эколагаў-актывістаў супраць пабудовы атамнай станцыі ў Беларусі. Гэтым разам пратэстоўцы маюць сабрацца ля Міністэрства фінансаў Расеі, што прымае рашэнне пра выдзяленне крэдыту на пабудову ядравай станцыі.

«Гэты крэдыт наўрад ці будзе вернуты Расеі – мы ведаем, што Беларусь не ў найлепшай эканамічнай сітуацыі. І хутчэй за ўсё крэдыт проста спішуць, – гаворыць эколаг-антыатамнік Андрэй Ажароўскі. – Ды я не супраць таго, каб Расея падарыла Беларусі гэтыя 9 мільярдаў долараў або каб яны пайшлі на штосьці карыснае, але яны ідуць на пабудову небяспечнага аб’екту. Гэтага нельга дапусціць, гэта не па-добрасуседску».

Паводле эксперта, будаўніцтва і запуск атамнай станцыі ў Беларусі не выгодныя абедзвюм краінам. Адна з небяспекаў – транспартаванне адпрацаванага ядравага паліва. Паводле міжнародных нормаў, яно мусіць вярнуцца ў Расею на перапрацоўванне, каб з яго немагчыма было зрабіць ядравую бомбу. Потым перапрацаванае ядравае паліва зноў вернуць у Беларусь на захоўванне. «Само транспартаванне – небяспечнае. Бо яно ажыццяўляецца чыгункаю, побач з пасажырскімі цягнікамі, – гаворыць Андрэй Ажароўскі. – Транспартаванне і стварэнне сховішчаў – гэта праблема».

Эколаг не выключае, што пабудова атамнай станцыі спыніцца, і падкрэслівае, што чым раней гэта адбудзецца – тым лепш. «Калі праект не будзе рэалізаваны і станцыя не будзе пабудаваная, нейкія людзі нажывуцца, грошы будуць туды ўбуханыя. Гэта нікому не выгодна. Беларусь можа забяспечыць свае энергетычныя патрэбы без атамнай энергетыкі», – падкрэсліў Андрэй Ажароўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў