Лукашэнка: За выбух у метро павінна быць самае жорсткае пакаранне


Абвінавачаныя ў выбуху ў менскім метро павінны панесці самае суровае пакаранне, у той жа час мае права на існаванне меркаванне, што смяротную кару для іх можна замяніць пажыццёвым зняволеннем. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю праграме “Вести в субботу” на канале “Россия-24”.

“Мне яшчэ давядзецца, хачу я гэтага ці не — як і ў Расійскай Федэрацыі, апошняе слова ў гэтай сітуацыі, калі суд вынесе такое рашэнне аб смяротным пакаранні гэтых людзей, хачу я гэтага ці не, гэтак жа, як і ў вас, — я павінен буду падпісаць указ, памілаваць або не памілаваць”, — заявіў Лукашэнка, каментуючы паводле просьбы журналіста Сяргея Брылёва прапанову пракурора прыгаварыць да смяротнай кары Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

“Усё наша грамадства перажыло такі шок, — адзначыў беларускі кіраўнік. — Гэта недаравальна, і я як прэзідэнт лічу, што павінна быць самае жорсткае пакаранне за такія дзеянні. Што падштурхнула цябе? Якая матывацыя? Каб пацешыцца і паглядзець, як будуць гінуць людзі? Як кроў будзе ліцца? За гэта трэба адказваць па поўнай праграме”.

На рэмарку Брылёва: “Магчыма, якраз адказам на гэта варварства было б тое, каб не адказваць смерцю на смерць, а хай сядзяць усё жыццё ў турме?” — Лукашэнка заявіў: “Магчыма, і так. Вы маеце права на такі пункт гледжання”.

Прысуд па справе Канавалава і Кавалёва будзе аб`яўлены 30 лістапада.

Тым часам у інтэрнэце стартаваў збор подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем не прымяняць смяротнае пакаранне ў дачыненні Канавалава і Кавалёва. Паводле ініцыятараў кампаніі, у судзе не прадстаўлена цвёрдых доказаў віны. Пад петыцыяй падпісаліся больш за 12 тысячаў інтэрнаўтаў.

У выніку выбуху на станцыі метро “Кастрычніцкая” 11 красавіка загінулі 15 чалавек, цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжакасці атрымалі 387 чалавек.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары