Лівійцы святкуюць арышт сына Кадафі


Міжнародная супольнасць заклікае не чыніць самасуду над арыштаваным у суботу, 19 лістапада, Саіфам аль-Ісламам (Saif al-Islam al-Gaddafi).

“Мы вітаем навіну пра арышт Саіфа аль-Іслама. Цяпер вельмі важна, каб улады [Лівіі] запэўнілі ягоную бяспеку і перадалі ў рукі Міжнароднага крымінальнага суда і міжнароднага правасуддзя”, – напісаў у сваім мікраблогу міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт.

Сына забітага лідара Джамахірыі Муамара Кадафі арыштавалі ў суботу на поўдні Лівіі. Паводле камандзіра рушэння з гораду аз-ЗІнтан (Az Zintan), які падтрымлівае Нацыянальную пераходную раду Лівіі (НПР), гэта адбылося, калі прыхільнікі Кадафі спрабавалі пераправіць ягонага сына праз мяжу ў суседні Нігер. Раней міністр юстыцыі НПР паведаміў, што Саіфа і некалькіх ягоных целаахоўнікаў арыштавалі каля гораду Обары на поўдні краіны.

У чэрвені Міжнародны крымінальны суд (МУС) выдаў ордэр на арышт Саіфа за тое, што ён аддаваў загады адмысловым падраздзяленням войскаў Кадафі, якія пераследавалі мірных грамадзянаў.

Пасла падзення Трыпалі ў жніўні 39-гадовы сын былога дыктатара ўцёк і хаваўся, але вяліся перамовы праз пасярэднікаў. Пошукі Саіфа аль-Іслама актывізаваліся, калі паступіла інфармацыя пра тое, што яго заўважылі ля лівійскай мяжы з Нігерам – краінаю, куды збеглі некаторыя прыхільнікі Кадафі.

belsat.eu

Стужка навінаў