Пуцін цяпер – таксама хакеіст


Расейскі прэм’ер-міністр стаў на канькі, каб загітаваць кампанію “Роснефть” узяць шэфства над легендарным хакейным клубам ЦСКА, а заадно здабыць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў сімпатыю заўзятараў.

Уладзімір Пуцін актыўна рыхтуе сваю партыю “Единая Россия” да перамогі ў парламенцкіх выбарах, прызначаных на 4 снежня, а сябе – да трэцяга тэрміну на пасадзе прэзідэнта. Выбары кіраўніка дзяржавы пройдуць у сакавіку 2012 г. У пятніцу, 18 лістапада, ён паўдзельнічаў у трэнінгу разам з былымі зоркамі клубу ЦСКА, які за 46-гадовую гісторыю савецкай хакейнай лігі выгуляў 32 чэмпіянаты.

Расейскі прэм’ер паведаміў, што кіраўнік каманды, ветэран савецкага хакею Вячаслаў Ціханаў, звярнуўся да яго па дапамогу. Паводле Пуціна, заснавальнік і былы ўладальнік ЦСКА, Міністэрства абароны, болей не ў стане ўтрымліваць клуб, гадавы бюджэт якога складае 70 мільёнаў долараў. Гэта можа справакаваць масавы ад’езд гульцоў за мяжу.

Рыхтуючыся да прэзідэнцкіх выбараў, Уладзімір Пуцін у суправаджэнні відэакамеры ўжо наведваў доктара, ездзіў на матацыкле на байкерскі фестываль, у пракрамлёўскім летніку спрабаваў сагнуць рукамі патэльню, забраўся на трэнінгавую сцяну для альпіністаў, спаборнічаў у армрэслінгу і нават ныраў за амфарамі ў Азоўскае мора.

belsat.eu

Стужка навінаў